У віцебскім амфітэатры разам выступяць каралі беларускай этнамузыкі – “Палац”, “Троiца” і “Osimira”

У Летнім амфітэатры ў Віцебску 26 траўня адбудзецца сапраўды унікальны канцэрт: разам упершыню выступяць лідэры беларускай этнамузыкі – “Палац”, “Троiца” і “Osimira”. Канцэрт называецца “World Music Tree” (“Сусветнае музычнае дрэва”). Гэта спецыяльны праект дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры “Віцебск”, першая частка якога прысвячаецца культавым этнафармацыям.

У беларускай культуры сімвал “Дрэва Жыцця” займае адно з галоўных месцаў, з’яўляецца стрыжнем міфаў і казак. Яго адлюстраванне можна знайсці на рушніках, пасцілках, выцінанках, паясах.

Арганізатары праекта плануюць у кожным такім канцэрце прадстаўляць лепшых музыкантаў якой-небудзь адной ці некалькіх краін, і гледачы змогуць убачыць усю разнастайнасць культур у музычнай прасторы этнамузыкі. Гэта і стане своеасаблівым “вырошчваннем” “Сусветнага музычнага дрэва”.

Прыемна, што арганізатары пачалі прадстаўленне менавіта з беларускіх музыкаў. Так што прыходзьце – калі вы яшчэ ўбачыце на адной сцэне “Палац”, з якога пачыналася адраджэнне беларускай этнамузыкі, “Троіцу” – адзін з самых містычных айчынных гуртоў, і “Osimira” – маладых, але вельмі таленавітых вучняў двух папярэдніх калектываў?! А таксама прапануем вам вызначыць на нашым сайце найбольш папулярны гурт з гэтых трох – прымайце ўдзел у анлайн галасаванні.

Кошт квіткоў на канцэрт – ад 8 да 20 тысяч рублёў.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ