У Віцебску можа з’явіцца скульптурная галерэя мясцовых дзеячаў мастацтва

У Віцебску можа з’явіцца скульптурная партрэтная галерэя мясцовых дзеячаў мастацтва. З такой прапановай гарадскім уладам выступіў вядомы віцебскі скульптар Валерый Магучы.

Аб гэтым скульптар заявіў на прэзентацыі юбілейнай выставы сябра “Беларускага саюза мастакоў” Уладзіміра Вітко, якая адкрылася 16 траўня ў музеі “Цэнтр сучаснага мастацтва”. І зрабіў юбіляру на ягонае 75-годдзе адметны падарунак – бюст, які быў урачыста ўсталяваны ў гэты дзень у музеі. Бюст пры жыцці – гэта, напэўна ж, дасягненне...

У прысутнасці начальніка аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Віктара Кібісава В.Магучы сказаў: «Я хачу прапанаваць гораду невялікую творчую ініцыятыву. Такія людзі як Уладзімір Ільіч Вітко – гэта наша гісторыя. І хацелася б, каб у Віцебску з’явілася скульптурная партрэтная галерэя дзячоў, якія аддаюць сябе служэнню мастацтву. Гэты бюст будзе ў ёй першым. А сама галерэя магла б размяшчацца, напрыклад, у ратушы ці ў якім-небудзь іншым музеі горада”.

У Віцебску ўстаноўлена каля 20 твораў В. Магучага. Сярод іх помнікі М.Шагалу, Е.Лось, І.Салярцінскаму, бюсты Ф.Піроцкага, М.Бахціна, мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя М.Нікіфароўскаму, З.Азгуру, П.Сцямасаву і інш. Ён таксама з’яўляецца аўтарам помніка «Міленіум. Запавет нашчадкам», які знаходзіцца на плошчы Тысячагоддзя насупраць Дабравешчанскай царквы, і бронзавага герба Віцебска з выявай Ісуса Хрыста, які раней упрыгожваў гарадскую ратушу. Пераможцам конкурса маладых выканаўцаў на “Славянскім базары” ўручаюць бронзавыя статуэткі таксама аўтарства гэтага скульптара.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ