На сесіі Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў абраны «Ганаровы грамадзянін горада» і перайменаваны вуліцы

Напярэдадні Дня горада, 28 мая, па традыцыі адбылася нечарговая сесія Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў. Як заўсёды, перад святам разглядалася пытанне аб прысваенні звання «Ганаровы грамадзянін горада Полацка». Атмасфера афіцыйнага пасяджэння была натхнёнай і чуллівай, бо гаварылі пра цудоўнага чалавека, палачанку, шчырую і душэўную паэтэсу Надзею Салодкую. Як адзначыла старшыня гарсавета дэпутатаў Вольга Ждановіч, вершы Надзеі Стэфанаўны пакладзены на музыку знакамітых беларускіх кампазітараў, ва ўсёй Беларусі яе любяць і паважаюць. Менавіта Надзея Салодкая — аўтар другога гімна Полацка, мілагучнага і кранаючага сэрца. Песня «Горад над Дзвіной» прагучала і на сесіі.

3 прапановай прысвоіць ганаровае званне Надзеі Салодкай да гарсавета выйшлі аддзел культуры гарвыканкама, Цэнтральная бібліятэчная сістэма, Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур. Вершы Надзеі Салодкай, як падкрэслівалі дэпутаты, складаюцца з жыццёвага вопыту, любві да роднага горада і вялікага жадання падзяліцца сваім бачаннем свету з чытачом.

На сесіі таксама прынята рашэнне аб вяртанні вуліцы Леніна гістарычнай назвы «Ніжне-Пакроўская», а таксама аб перайменаванні вуліцы Сакка і Ванцэці ў вуліцу Леніна для захавання гістарычнай памяці пра асобу, якая адыграла значную ролю ў гісторыі. Гэта ўжо пятая вуліца ў Полацку, якой вернута гістарычная назва. Да прыняцця такіх рашэнняў улады горада ставяцца вельмі ўзважана: высвятляецца грамадская думка, аналізуецца вопыт іншых гарадоў.

Многія аб'екты, пабудаваныя менавіта на вуліцы Ніжне-Пакроўскай, захаваліся і да нашых дзён: жылыя корпусы Францысканскага і Богаяўленскага манастыроў, Богаяўленскі сабор, Лютэранская кірха. А Свята-Пакроўскі храм у свой час быў галоўным храмам Полацка. Прапанову перайменавання вуліцы падтрымаў увесь дэпутацкі корпус горада. І гэта значная гістарычная падзея напярэдадні 1146-годдзя Полацка, бо наш горад — сапраўдны гістарычны і духоўны цэнтр Беларусі.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць