У Віцебску праходзіць выстава “Коні і коннікі”

У віцебскім Літаратурным музеі праходзіць выстава жывапісу і графікі “Коні і коннікі” са збораў Нацыянальнага музея ў Варшаве, прадстаўленая Польскім Інстытутам у Мінску. На гэтай выставе няма выявы герба “Пагоня”, як чакалася, затое можна ўбачыць Тадэвуша Касцюшку.

Тэма коней была надзвычай папулярнай у польскім выяўленчым мастацтве і літаратуры: гэта высакародная жывёла ўздымала нацыянальны дух, паказвала не толькі заможнасць магнатаў, якія забяспечвалі краіну дастаткам і ахоўвалі даўнія звычаі, але і вайсковую моц Рэчы Паспалітай. Коням нават прысвячалі паэтычныя радкі...

У экспазіцыю ўвайшлі 30 факсімільных копій прац 15 вядомых польскіх мастакоў канца XVIII – пачатку XX стагоддзяў: Юліўша Косака, Юзэфа Бранта, Войцэха Герсана, Станіслава Маслоўскага, Аляксандра Арлоўскага, Яна Разэна, Фелікса Шэўчыка і іншых. Цэнтральныя фігуры на ўсіх палотнах – коні і вершнікі, намаляваныя ў розных іпастасях: гэта батальныя, бытавыя, гісторыка-бытавыя сцэны, а таксама шляхецкае паляванне, конныя скачкі і конскія кірмашы.

Аднак галоўны акцэнт выставы зроблены на творчасці Юліўша Косака – з 30 прац, прадстаўленых увазе аматараў мастацтва, 10 належаць ягонаму пэндзлю. Творчасць гэтага мастака (1824-1899 гг.) была прысвечана тэме коней. Адна з самых знакамітых прац Ю.Косака – акварэль “Атака касінераў пад Рацлавіцамі”. На ёй на фоне атакуючых касінераў паказана манументальная фігура Тадэвуша Касцюшкі – нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, кіраўніка нацыянальнага паўстання 1794 г., якое было пратэстам супраць другога падзелу Рэчы Паспалітай.

На другой кампазіцыі – “Сабескі пад Венай” (“Сцяг прарока”) – адлюстравана перамога ў 1683 г. караля Яна III Сабескага над Турцыяй. Поле пасля бітвы... Да караля пад’язджаюць два гусары з заваяваным сцягам візіра султана Мухамеда IV. На акварэлі “Казімеж Лубеньскі з дачкой Эміліяй на конях” Ю.Косак вывеў сцэну палявання, ды яшчэ з прыўкраснай амазонкай. А вось паляванне на ліс у Белай Царкве. У гэтым украінскім горадзе існавала славутае стада коней, заснаванае ў 1778 г. вялікім гетманам Францішкам Ксаверыям Браніцкім. На паляваннях у Белай Царкве бывалі і расійскія цары. Сваё майстэрства Ю.Косак пераў свайму сыну Войцэху. На выставе прадстаўлена адна ягоная акварэль “Накід каня” (эскіз да Рацлавіцкай панарамы).

У экспазіцыі прадстаўлена праца Ф.Шэўчыка “У дзень адкрыцця 1-га Польскага сейма 10 лютага 1919 г.”. Мастак паказаў кіраўніка краіны Юзэфа Пілсудскага і прэм’ера і міністра замежных спраў Ігнацы Яна Падэрэўскага, якія едуць у адкрытай павозцы ў суправаджэнні кавалерыі на ўрачыстае пасяджанне сейма ў Каралеўскім замку ў Варшаве. Зацікавіў незвычайны ракурс акварэлі С.Маслоўскага “Кампідогліа ў Рыме”. Падчас вандровак па Італіі гэты таленавіты мастак маляваў помнікі архітэктуры, сады, фантаны і скульптуры. А.Арлоўскі ў “Бітве за пераправу на рацэ” паказаў адзін з эпізодаў паўстання Касцюшкі. Хутчэй за ўсё, гэта бітва аддзела Серакоўскага з корпусам Суворава, якая адбылася 17 верасня 1794 г. пад Крупчыцамі на рацэ Трасцяніца.

Апроч прац польскіх майстроў, у экспазіцыю ўвайшлі і два партрэты “Палкоўніка” і “Казака” французскага жывапісца і графіка Жана П’ера Норбліна дэ ля Жардана, які жыў у Варшаве і быў адным са стваральнікаў польскай школы жывапісу. Між іншым, прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 г. і паўстанне Касцюшкі выявілі ў Норбліне дакладнага хранолага: ён нават меў пропуск для свабоднага ўваходу ў лагер кіраўніка паўстанцаў.

Своеасаблівым дапаўненнем да жывапісных палотнаў служаць экспанаты з фондаў Літаратурнага музея – страмёны, падковы, паддужныя званочкі і іншыя элементы конскай збруі. Аднаму са званочкаў столькі гадоў, колькі не пражыве ні адзін чалавек, – ажно два стагоддзі!..

Выставу можна наведаць на працягу чэрвеня і ліпеня. Раней яна пабывала ў Оршы, дзе была прадстаўлена ў музеі Уладзіміра Караткевіча. Экспазіцыя цудоўная, і падштурхнула прачытаць некаторыя рэчы з гісторыі Рэчы Паспалітай. Толькі, на мой погляд, яе лепей было назваць “Коні і вершнікі” – так гучыць больш па-беларуску.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ