У Паставы на фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” прыехалі музыкі з Венесуэлы

У Паставах з 6 па 8 чэрвеня ў адзінаццаты раз праходзіць міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. У ім прымаюць удзел 20 этнічных калектываў з еўрапейскіх краін – Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Харватыі. На беларускі фэст нават прыехалі госці з краіны паўднёва-амерыканскага кантынента – Венесуэлы.

Музычныя крытыкі лічаць, што ўнікальнасць пастаўскага фестывалю ў тым, што тут сумяшчаюць аўтэнтычную нацыянальную музыку з народнай музыкай у яе сцэнічным варыянце.

У межах сёлетняга фэсту працуе навукова-творчая лабараторыя, якую ўзначальвае выкладчык кафедры духавых інструментаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры, кіраўнік фальклорнага ансамбля “Крупіцкія музыкі”, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзімір Гром.

Каля сцен палаца Тызенгаўзаў – помніка палаца-паркавага мастацтва – разгорнецца канцэртна-тэатралізаванае прадстаўленне “Музыка старасвецкіх сядзіб Беларусі”. Сёлета імпрэза тут пройдзе ў гонар 275-годдзя з дня нараджэння Антонія Тызенгаўза – мецэната, які шмат зрабіў для развіцця Пастаў і Гродна. У канцэрце прыме ўдзел камерны аркестр Гродзенскай капэлы.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць