Мемарыяльная дошка ў гонар Васіля Быкава адкрыецца ў верасні

У верасні ў Віцебску, падчас святкавання Дня горада, адкрыецца мемарыяльная дошка, прысвечаная класіку беларускай літаратуры Васілю Быкаву, ураджэнцу Ушацкага раёна, які перад Вялікай Айчыннай вайной вучыўся ў нашым горадзе. Дакладная дата падзеі пакуль невядома (хутчэй за ўсе, другая палова верасня), але вельмі ўсцешвае, што віцебскія ўлады, нарэшце, ажыццявяць гэты праект, які па невядомых прычынах адцягвалі некалькі гадоў.

Гэту радасную навіну нам паведаміў віцебскі паэт Давід Сімановіч. Па ягоных словах, намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Павел Лосіч і кіраўнік аддзела культуры гарвыканкама Віктар Кібісаў гэтымі днямі збіраюцца наведаць майстэрню, дзе знаходзіцца макет памятнай дошкі (яе аўтарамі з’яўляюцца два віцебскіх скульптары – Валеры Магучы і Аляксандр Гвоздікаў). Калі чынавенства ўхваліць іхнюю працу, то макет павінны рыхтаваць да адліўкі.

Мемарыльную дошку плануюць устанавіць на будынку мастацкай школы, дзе ў 1939-1940 гг. вучыўся Васіль Быкаў.

Д.Сімановіч таксама распавёў, што ён знайшоў рашэнне Віцебскага аблвыканкама за сакавік 2004 года. Згодна з ім, чыноўнікі збіраліся ўсталяваць памятную дошку беларускаму класіку яшчэ чатыры гады таму, гэтаксама як і правесці канферэнцыю, прысвечаную творчасці В.Быкава. Пакуль што адзіны пункт, які выканалі з гэтага рашэння, – дык гэта аднавілі сядзібу пісьменніка на ягонай радзіме, у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць