Чатыры наваполацкія і полацкія гурты ўдзельнічаюць у адборачным туры “Басовішча-2008”

Наваполацкія і полацкія гурты “Скимен”, “INDRA”, “Invasion” и “The Perfect Life” удзельнічаюць у адборачным туры “Басовішча-2008”. З 16 па 22 чэрвеня падчас правядзення інтэрнэт-галасавання на сайце “Тузін Гітоў” (www.music.fromby.net) ты можаш аддаць свой голас за любімую каманду і дапамагчы ім прыняць удзел у конкурснай частцы фэсту.

У гэтым годзе на ўдзел у конкурсе “Басовішча-2008” пададзена 35 заявак з розных гарадоў Беларусі. Геаграфія вельмі шырокая: Менск, Бярэсце, Магілёў, Гародня, Гомель, Полацк, Наваполацк…

Поспех навапалачан “Фляўс і Кляйн” на мінулагоднім, васемнаццатым фестывалі акрыліў мясцовыя гурты і аказаў вялікі ўплыў на іх жаданне паспрабаваць свае сілы. На гэты раз з Полацка-Наваполацка ў адборачным туры “Басовішча-2008” удзельнічаюць чатыры гурты-- “Скимен” (Полацк), “INDRA” (Полацк), “Invasion” (Наваполацк), “The Perfect Life” (Наваполацк).

Гурт “Скимен” на суд журы і інтэрнэт-карыстальнікаў выставіла кампазіцыі “Не адчуў”, “Хто ты” і “Новы герой”, якія пераклала на беларускую мову віцебскай паэткай Ірынай Барысевіч.

Маладая наваполацкая каманда “Invasion” найбольш прывабнымі беларускамоўнымі песнямі палічыла свае тэмы “Ева”, “Няскончаная кода” і “Пыл”.

“The Perfect Life”, якія часткова працуюць па-беларуску, выклалі на галасаванне песні “Свабода”, “Кахаеш” і “Ня трэба”, напісаныя іх клавішнікам Аляксандрам Жуком.

У адрозненні ад астатніх каманд, гурт “INDRA” можна смела лічыць карыфеямі “Басовішча”. Гэта ўжо трэцяя заяўка на ўдзел у фэсце, пададзеная за пяць год існавання калектыву. І калі ў першы раз музыкі не здолелі прайсці конкурсны адбор, то ў мінулым годзе яны сталі ўдзельнікамі “Басовішча-2007”. Для ўдзелу ў конкурсе “INDRA” прапанавала тры песні, напісаныя на вершы полацкай паэткі Леры Сом. Дзве з іх з дэбютнай кружэлкі “Сонцавакол” – “Неба” і “Чуеш, звініць глеба”, трэцяя – новая, “Сунічная”, запісаная ў верасні мінулага года на мінскай студыі “Осмас” для складанкі ўдзельнікаў “Басовішча-2007”.

У 00:00 16 чэрвеня на “Тузіне Гітоў” пачалося інтэрнэт-галасаванне, пры дапамозе якога будзе вызначаны адзін удзельнік конкурснай часткі фестываля “Басовішча-2008”. Яно працягнецца да 22 чэрвеня. Адным з новаўвядзенняў гэтага году стала тое, што ў конкурсе возьмуць удзел толькі восем каманд, сем з якіх будуць выбраны сябрамі журы. Такім чынам у палачан і навапалачан ёсць магчымасць зайсці на “Тузін Гітоў” і падтрымаць свой любімы гурт.


Меткі: , , , ,

Падобнае

    Каментаваць