У Полацку адбылася прэзентацыя кнігі-альбома «Спадчына Беларусі. Скарбы»

Здавалася б, чым можна здзівіць Еўропу? Тым не менш на прэзентацыю кнігі-альбома «Спадчына Беларусі. Скарбы» Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча, якая адбылася на пачатку года ў Лондане сабраліся прадстаўнікі каля 40 дыпламатычных місій. Яны з захапленнем разглядалі прадстаўленыя ў альбоме здымкі унікальных вырабаў з серабра і золата, адкрываючы для сябе багатую спадчыну краіны пад назвай Беларусь.

Кніга мела вялікі поспех. І яе аўтары атрымалі шэраг запрашэнняў у розныя краіны свету, каб пазнаёміць іх грамадзян з Беларуссю, пра якую ў свеце ведаюць не так шмат. Нарэшце у Полацкай мастацкай галерэі Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч прадставілі сваю кнігу і палачанам. Гэтая падзея выклікала вялікую цікавасць як сярод супрацоўнікаў полацкіх музеяў, так і ў простых палачан. Не толькі дзякуючы цікаваму зместу і выдатнаму мастацкаму афармленню. У кнізе сярод іншых змешчаны здымкі бясцэнных полацкіх скарбаў, сярод якіх Крыж і сярэбраная рака Прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Да прэзентацыі кнігі супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прымеркавалі выставу, на якой прадставілі старажытныя вырабы з золата, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак у Полацку. Яна таксама выклікала вялікую цікавасць прысутных.

Прадстаўляючы аўтараў кнігі, намеснік дырэктара НПГКМЗ па навуцы Тамара Джумантаева зазначыла, што Аляксандр і Алег аказалі значную дапамогу ў стварэнні фільма для дасье «Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны Еўфрасінні Полацкай», якое паспяхова прайшло экспертызу на тэхнічную адпаведнасць для ўключэння ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны Сафійскага сабора і Спаса-Праабражэнскай царквы.

Самі ж аўтары праекта, расказваючы пра яго, падкрэслівалі, што да Полацка ў іх стаўленне асаблівае. «Мы рады што маем магчымасць прадставіць сваю кнігу ў першай сталіцы нашай дзяржавы, адкуль пайшла наша гісторыя, адкуль узялі пачатак наша духоўнасць і культура», — гаварылі яны. І зазначалі, што пасля выхаду першай кнігі праекта «Спадчына Беларусі» пераканаліся ў яго неабходнасці. Гартаючы старонкі выдання, нават грамадзяне нашай краіны здзіўляліся: няўжо гэта Беларусь? А колькі даведаліся і даведаюцца пра нашу краіну тыя, хто ні разу ў ёй не бываў!

Першая частка кнігі перавыдавалася 8 разоў агульным тыражом 28 тысяч экземпляраў. Яе аўтары сталі лаўрэатамі конкурсу «За духоўнае адраджэнне», яны ўдастоены вышэйшай узнагароды Рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі» і дыплома імя Францыска Скарыны, які прысуджаны ўпершыню за 15 гадоў. Другая частка — «Скарбы» — таксама мае вялікі поспех. Яна дае магчымасць пазнаёміцца з неацэннымі скарбамі краіны і выклікае пачуццё гонару за Беларусь.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ