«Рок-кола-2008», магчыма, з роднага горада не выганяць

Пераезд 18-га па ліку фестывалю “Рок-кола” ў Лагойск адменены, і ў бліжэйшы час з мясцовымі ўладамі будзе абмяркоўвацца пытанне аб вяртанні музычнай імпрэзы ў Наваполацк, паведаміў дырэктар фестывалю Сяргей Анішчанка.

Нагадаем, што на працягу 17 гадоў, пачынаючы з 1990 года, фестываль «Рок-кола» праходзіў альбо ў Наваполацку, альбо (апошнія тры гады) ў Полацку. Аднак восенню мінулага года ён быў забаронены мясцовымі ўладамі. У пратаколе паседжання Полацкага гарвыканкама, якое адбылося на пачатку лістапада 2007 года, значыцца: «Считать нецелесообразным проведение в городе мероприятий типа фестиваля «Рок-кола», чуждых историческому, духовному наследию города Полоцка и православию; рекомендовать ответственным лицам, отвечающим за духовное воспитание молодежи, воздерживаться от инициирования подобных мероприятий».

Сёлета, упершыню за ўсю гісторыю фэсту, «Рок-кола» планавалі правесці 29-30 жніўня ў фармаце Open Air на тэрыторыі ГСАК «Лагойск». Аднак з-за зменаў у папярэдніх дамоўленасцях з боку часткі арганізатараў фестывалю з Мінску ён адменены.

У бліжэйшы час Сяргей Анішчанка плануе абмеркаваць са старшынёй Наваполацкага гарвыканкама Наталляй Качанавай магчымасць вяртання фестывалю ў родны горад. Калі такая дамоўленасць будзе дасягнута, то фэст адбудзецца восенню гэтага года. Хутчэй за ўсё «Положение о 18-ом фестивале «Рок-кола-2008» будзе перагледжанае, і гуртам, якія пажадаюць узяць удзел у конкурснай праграме, прыйдзецца падаваць заяўкі па новай.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ