У Полацку прайшоў канцэрт памяці Віктара Цоя

«Апошні герой» – так называўся канцэрт, прысвечаны памяці Віктара Цоя, які адбыўся ў малой зале Полацкага гарадскога Палаца культуры. 8 гуртоў з Полацка і Наваполацка прапанавалі свае арыгінальныя аранжыроўкі такіх легендарных песень гурта «Кіно», як «Кукушка», «Звезда по имени Солнце», «Апрель», «Мама Анархия», «Печаль», «Легенда» і шматлікіх іншых. Гэта мерапрыемства яшчэ раз паказала, што мясцовая моладзь шануе і паважае легендарнага музыку: і для новага маладога пакалення ён застаўся лідэрам і апошнім героем.

Канцэрт стаў адным з самых людных сёлета ў Полацку і Наваполацку. Параўнацца з ім па колькасці прысутных маглі толькі выступ расійскага гурта «Слот» у наваполацкім клубе «Пластылін» і канцэрт-конкурс беларускамоўнага року “Ноч Ваўкалака”. Але ў гэтых двух мерапрыемствах бралі ўдзел прыезджыя гурты, а вось канцэрт з удзелам толькі мясцовых калектываў сабраў аншлаг упершыню. Мяркую, адбылося гэта дзякуючы таму, што асноўная частка праграмы складалася з кавераў на песні гурта «Кіно».

Музычная палітра ўдзельнікаў была вельмі шматколернай. Аднак большасць гуртоў гралі цяжкую музыку. Завітаўшых на канцэрт чакала сустрэча з гуртамі «МЫ» (classic-rock), «Вольныя» (арыгінальнае спалучэнне акустычнай гітары і блок-флейты), «Dreamless» (melodic-death), «Claymoore» (death-black metal), «Белый дом» (punk-rock), «Wild Heaven» (heavy-metal) и «F.A.L.L.(your first and last love)» (love metal). Сюрпызам стаўся выступ не заяўленага ў афішах гурта «Коло Прави», які грае ў стылі «паган-метал». Сумесь паганскіх музычных матываў з жорсткімі гітарнымі рыфамі шмат каму прыйшлася даспадобы.

«Зоркамі» гэтай вечарыны можна смела назваць калектыў «Вольныя», які складаецца з двух вельмі вядомых у рок-н-рольнай тусоўцы сяброў-музыкаў – Ларса і Пысі. Зазвычай хлопцы граюць для сябе і сваіх сяброў, аднак на гэтым канцэрце яны ўпершыню выйшлі на сцэну ўдвух і, як гаворыцца, «парвалі» залу. Хлопцы не толькі адкрылі канцэрт, але і запаўнялі паўзы паміж выступамі, пакуль іншыя гурты настройвалі апаратуру. Падпявала ім (ды й іншым музыкам) уся зала.

Лепшым каверам, па меркаванні большасці, стала песня «Кукушка» ў выкананні «Dreamless». Сыграная ў стылі melodic-death з выдатным screamом на вакале, яна прагучала сапраўдным пытаннем да творчасці любога з прысутных музыкаў – «Песен, еще не написанных, сколько?..»

Меткі: ,

Чытайце яшчэ