Новы канцэртны сезон ад NO LOGO Promogroup распачаты

У Віцебску распачаты новы канцэртны сезон ад NO LOGO Promogroup. Пачатак быў пакладзены NOLOGO FESTам, што прайшоў у два дні - 22 і 23 жніўня – у клюбе Zebra.
Распачынаць сезон двумя днямі было даволі амбіцыёзна, але ж і справа вартая – развіццё і падтрымка маладых віцебскіх рок-гуртоў. У кожны з дзён фэсту абраць для фіналу некалькі гуртоў, што паспелі дасягнуць пэўнай ступені рэалізацыі ў музыцы, было запрошана спецыяльнае журы, у склад якога ўвайшлі: А. Ціханаў, Э. Юдовін, М. Жукаў, В. Шум і І. Барысевіч. Акрамя гэтых людзей творчасць гуртоў мог ацаніць і кожны з прысутных на фэсце, бо пасля выступу канкурсантаў праводзілася галасаванне, па выніках якога пераможцы кожнага дня атрымлівалі прыз глядацкіх сімпатый.
На жаль, мне не давялося прысутнічаць на першым дні, але па запытах у некаторых членаў журы высветлілася, што чакалася большага, але не пачулася. Другі ж дзень быў не тое каб багаты на адкрыцці, але заўсёды знойдзецца, што абмеркаваць. На сцэне ў гэты дзень музыцыравалі гурты Tetania, H.E.I.F, Chi Wanga, Wrong Turn, Hellocost, Omnea mea mecum porte і Сага.
Распачаты канцэрт быў маладым гуртом, што робіць пошукі ў neoclassical darkwave напрамку – Tetania. Быць першымі – справа заўсёды няўдзячная. Па-першае: да пачатку прыходзяць нешматлікія, а пачынаць на амаль пустую залю, пагадзіцеся, складана. Па-другое: хваляванне, якое ўзмацняецца яшчэ і ад нявопытнасці музыкаў (гурту яшчэ і году няма). Па-трэцяе: абраны імі напрамак на віцебскай сцэне – новы для слухачоў (у плане, мякка кажучы, нешматлікасці гуртоў таго ж напрамку). А віцебская публіка на сённяшні дзень бліжэй да punk, metal ды core камбінацый. Па дзвюх кампазіцыях, што адыгралі маладыя готы, можна вызначыць – музыкі яшчэ ў пошуку. Спрабуючы эксперыментаваць з вядомымі мелодыямі, пакуль яшчэ не паказваюць свайго, дакладна акрэсленага твару. Здаецца, яны б глядзеліся ў больш прывабным свеце, калі б смялей дэманстравалі свае напрацоўкі. Зразумела, першыя крокі, але калі ўжо распачынаецца сапраўднае канцэртнае жыццё – давайце, вызначайцеся з тым, што і як несці. Галоўнае ж пытанне застаецца нязменным: навошта. Перайграць чыісьці мелодыі ці стварыць “сваё слова” на, для пачатку, віцебскай сцэне. Ёсць жаданне і неблагія задаткі – наперад!
Chi Wanga. Гурт, па назве якога чакаеш рэгі, па выглядзе музыкаў – рэп ці ska, граюць моцны death core. Таму і ацэньваць-апісваць іх даволі складана – зрок і слых ніяк не могуць прыйсці да агульнай дамінанты. Але калі адкінуць гэтыя ўмоўнасці і ўслухацца – моцна і энергічна.
гурт CHI WANGA
CHI WANGA
Фота Аляксандра ВЕЛЕДЗІМОВІЧА
Гурт Сага, заяўлены як hard blues rock гурт, адразу пасля слова блюз страціў больш за палову слухачоў у зале. Магчыма, віцебскі слухач яшчэ ці то не дарос да гэтага, ці то з-за недахопу падобных гуртоў проста не падрыхтаваны да таго, што завецца блюзам. Праз доўгія падрыхтоўкі музыкаў сышла яшчэ частка слухачоў. Калі ж пачалася музыка, само сабой паўстала пытанне: навошта так ускладняць стылевыя вызначэнні? Здаецца, калі закрыць словы hard і blues – то яно і атрымаецца як раз тое, што гучала са сцэны. Але, прыемна адзначаць, акрамя стылевых вызначэнняў мне больш няма да чаго прычапіцца. У адрозненні ад усіх папярэдніх гуртоў, гэты прыцягвае ўвагу сваёй упэўненасцю, асэнсаванасцю і моцам гуку і слоў. Гэтых музыкаў моднымі тэндэнцыямі ужо не саб’еш з абранага шляху. Яны добра ведаюць што і Навошта робяць. І гэта якраз і вылучае іх з шэрагу іншых калектываў.
Перадапошнімі на сцэну падняліся Hellocost. Перад выступам: “Мы их сейчас порвем!!” І сапраўды парвалі. Усіх. Добры слэм пад моцныя музычныя партыі. Але ўжо на другой песеньке струны на гітарах не вытрымалі таго запалу, з якім Hellocost уварваліся ў музычную прастору вечару, і яны сышлі.
Закрылі конкурсны дзень Omnea mea mecum porte. Хлопцы са знешнасцю Dj-яў выдалі punk-core, што будзе памацней за многія заяўленыя ў гэты вечар core-варыяцыі. Ужо вельмі разгарачаная публіка не магла заставацца на месцы, успрымаючы тую энэргетыку, што біла са сцэны. Самі музыкі выглядалі даволі ўпэўнена і самадастаткова. З асалодай для саміх сябе яны передавалі свой запал і кураж у натоўп. І гэта не засталося незаўважаным.
Асобны Дзякуй хочацца выказаць гасцям канцэрту – гурту “Уже”. Выпрацоўка кожнага ўдзельніка гурта і ўсіх разам, здаецца, перабольшыла за 200%. Многія музыкі, што гралі на зебраўскай сцэне ў гэты вечар, разышліся да пачатку іх выступу. І дарма. Ім бы павучыцца ў сваіх калег, што паспелі дасягнуць той ступені майстэрства, калі могуць быць запрошаныя на канцэрт у якасці гасцей. Павучыцца ў тых, хто ўжо на галаву вышэй у дзейнасці, якой намагаюцца займацца многія, але далёка не ва ўсіх гэта атрымліваецца якасна – справа не апошняя і даволі карысная. Яшчэ раз дзякуй гурту – за выпрацоўку, за якасць, за мэтанакіраванасць.
Такой моцнай кропкай быў завершаны другі дзень адкрыцця канцэртнага сезону NO LOGO Promogroup. Па выніках гэтых двух дзён журы абрала на фінал гурты South Band, Chi Wanga, Контрольный Выстрел і Сага. Прызы глядацкіх сімпатый атрымалі South Band і H.E.I.F.
Будзем спадзявацца, што распачаты сезон прынясе шмат прыемных адкрыццяў, пазітыўных эмоцый, захапляльных шоў, запамінальных вечарын аматарам віцебскай рок-музыкі. А музыкам – плённай працы, адкрыццяў творчых, каштоўных знаходак і распрацовак, што дапамогуць падняцца на новыя вышыні і якасныя ўзроўні.
Аўтар: SKATE

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ