Фотарэпартаж са святкавання “Дажынак” у Оршы

У мінулыя пятніцу і суботу Орша гуляла напоўніцу – на два дні горад пераўтварыўся ў сталіцу рэспубліканскіх “Дажынак”. Гэта свята ў нашай краіне з кожным годам адзначаюць усё з большым і большым размахам. Свой хлеб беларусы ва ўсе часы здабывалі цяжка, спрадвеку ён быў замешаны на горкім поце. Дык чаму ж пасля нялёгкай працы і не павесяліцца ўволю, не пакланіцца яшчэ раз зямлі-карміцельцы ды не аддаць пашану героям жніва?
Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Адзін селянін сёння корміць сямёра гараджан – такую лічбу назваў кіраўнік дзяржавы. І таму галоўнымі героямі свята былі менавіта яны, простыя людзі з беларускай вёскі. Не дужа гаваркія з журналістамі, многія з іх чамусьці сарамліва хавалі за спіну свае рукі – абветраныя, спрацаваныя, спрэс у мазалях.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

На сцэну адзін за адным выходзілі пераможцы жніва, ручкаліся з самім прэзідэнтам і атрымлівалі ад яго ўзнагароды – ключы ад новенькіх аўто. Раней лепшым камбайнёрам дарылі “Жыгулі”, а зараз – “Волгі” ГАЗ-31105 за 8 тысяч долараў. Хлебаробы, якія сёлета занялі ў спаборніцтве першае месца паўторна за апошнія гады, атрымалі кампутар і грашовую прэмію ў памеры 9 мільёнаў рублёў. Было бачна, што перадавікі крыху разгубіліся ад такой увагі да сябе, але шчыра задаволены грандыёзным гуляннем, якое дзяржава зладзіла ў іхні гонар.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

А для прэзідэнта ў Оршы зладзілі экскурсію, падчас якой ён вокам гаспадара агледзіў гарадскія новабуды. І, як паведаміла БТ, ацаніў іх станоўча. Заслухаў даклад аб сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці – і быў незадаволены. Наведаў мастацкую выставу ў іезуіцкім калегіуме. Даў інтэрв’ю журналістам, дзе выказаў жорсткае папярэджванне: калі Захад і на гэты раз не прызнае вынікі парламенцкіх выбараў у Беларусі, то ўлада краіны спыніць з ім усе размовы. Кіраўнік дзяржавы таксама запэўніў: «За руку оппозиционеров в парламент не поведу». Пры гэтым, як выказаўся А.Лукашэнка, “оппозиция у нас на уровне арифметической погрешности”, і што «все они – безработные». “Как он (оппозиционер) может победить, как за безработного могут голосовать люди?” – не разумее прэзідэнт.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Пасля таго як прэзідэнцкі верталёт падняўся ў неба з гарадскога стадыёна, міліцыя заўважна расслабілася. Праз металічныя вароты можна было праходзіць амаль вольна, ахоўнікі аслабілі пільнасць і сумкі ўжо не правяралі. Пакуль жа ў горадзе знаходзіўся кіраўнік дзяржавы, “шмон” на кантрольна-прапускных пунктах у цэнтры быў вельмі сур’ёзным. Асабліва ўважліва правяралі мужчын.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Пахадзіўшы па святочных вуліцах, мы пераканаліся, што Орша сапраўды непазнавальна змянілася. Яна, канешне, яшчэ не набыла выкшталцонай еўрапейскасці, аднак амаль цалкам развіталася з шэрай савецкасцю. Сярод асноўных “дажыначных” аб’ектаў – галоўная гарадская плошча, аўтавакзал, радзільны дом, гатэль, гарадская лазня, дзіцячая стаматалагічная паліклініка, гарадскі стадыён на 2,5 тысячы месцаў, дзіцячы парк і інш.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Дзякуючы “Дажынкам” вярнулі да жыцця і адну з гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі – іезуіцкі калегіум у Оршы. На мяжы XVIII-XIX стагоддзяў гэта быў буйнейшы ў нашай краіне цэнтр адукацыі і культуры. Рашэнне аб рэканструкцыі гэтага ўнікальнага помніка беларускага барока было прынята яшчэ ў 1993 годзе. І вось, нарэшце, праз пятнаццаць гадоў, улады знайшлі нагоду, каб аднавіць яго. Зараз у былым калегіуме размясціліся дзіцячая бібліятэка, мастацкая галерэя, аддзел культуры Аршанскага гарвыканкама. Будынак упрыгожвае вежа з гадзіннікам, а на франтоне змешчаны выявы слынных дзеячоў Вялікага княства Літоўскага – Льва Сапегі і Канстанціна Астрожскага.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Кавалачак шчасця зваліўся жыхарам цэнтральных вуліц Оршы. Да “Дажынак” ім падарылі пластыкавыя вокны. Зразумела, што іх уладальнікам зайздросцілі жыхары ўскрайкаў. Пашанцавала і маленькім аршанцам – у іх з’явіўся парк, якому могуць пазайздросціць іхнія аднагодкі з Віцебска, у якіх такога шыкоўнага месца адпачынку проста няма і якія ў выходны дзень могуць схадзіць з бацькамі хіба што ў заапарк.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Парк на беразе Дняпра досыць вялікі – займае плошчу 7,5 гектара. На ўваходзе стаіць пяціметровая скульптура Гулівера. Велікан трымае на далоні нейкую незразумелую маленькую бесполую істотку. Хто гэта такі (-ая), мы так і не даўмеліся, але можна здагадацца, што, хутчэй за ўсё, гэта ліліпут. Забаўляюць маленькіх наведвальнікаў і іншыя скульптурныя казачныя персанажы – Чабурашка, Кракадзіл Гена і Кот у ботах. Праўда, пыса апошняга мне падалася злоснай. У парку пабудавалі амфітэатр на набярэжнай у выглядзе ветразя над вадой. Ёсць тут розныя каруселі, атракцыёны, аўтадром, казачны лабірынт, летні каток для катання на роліках. У фестывальныя дні на атракцыёнах можна было пакатацца бясплатна. А вось назва парка змянілася: раней ён называўся паэтычна – Прыдняпроўскі, зараз стаў проста дзіцячым.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Бадай, галоўная ягоная адметнасць – атракцыён “Паветраны шар”, аналагаў якому ў Беларусі няма. Белы шар дыяметрам 10 метраў надзьмуты геліем. З яго дапамогай можна падняцца на 50-70 метраў і ўбачыць горад з вышыні. Падобныя атракцыёны ёсць у Маскве, Сочы і італьянскіх Пампеях. Аршанскія ўлады рапартавалі, што на рэканструкцыю парка пайшло 17 мільярдаў рублёў. Колькі каштавала паветраная забаўка, не паведамлялася.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Помнік славутаму ўраджэнцу Оршы, найвядомейшаму беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу летась стаяў на месцы дома, у якім ён нарадзіўся. Але падчас рэканструкцыі парка помнік перанеслі, і зараз ён стаіць пасярод атракцыёнаў ды казачных фігурак. І выглядае неяк недарэчна: Чабурашку з Гуліверам зусім жа не Караткевіч прыдумаў... А на месцы дома пісьменніка паставілі грамадскую прыбіральню. Дарэчы, здзівіла, што манумент не мае ніякага подпісу. Але ўсцешыла, што ў алегарычных фігурах на помніку людзі пазнаюць караткевічаўскія творы і ягоных герояў. “Вось гэты вершнік – з рамана “Дзікае паляванне караля Стаха”, а бусел сімвалізуе “Зямлю пад белымі крыламі”, – распавядаў сваім спадарожнікам нейкі мужчына.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Тэхнічнае забеспячэнне канцэртаў на “Дажынках” было даручана Цэнтру культуры “Віцебск”, а абсталяванне прывезлі з Летняга амфітэатра. Дзякуючы намаганням віцебскіх спецыялістаў сцэна не выглядала местачковай, а святло і гук не саступалі па якасці канцэртам на “Славянскім базары”. Паколькі Орша – буйнейшы чыгуначны вузел Беларусі, на святочных імпрэзах абыгрывалася адпаведная тэма. Так, у першы фестывальны дзень тут сустракалі “Агітцягнік “Дажынкi-2008”. Вядучым гэтага вячэрняга канцэрта быў Аляксандр Ціхановіч – у ролі начальніка цягніка, а правадніц сыгралі актрысы віцебскага тэатра імя Якуба Коласа. Ціхановіч, на якога апранулі сінюю форму чыгуначніка, прызнаўся, што канцэртны касцюм яму ўсё ж больш звыклы. Перадавікоў жніва віншавалі Ірына Дарафеева, Ксенія Сітнік, народная артыстка Расіі Людміла Руміна, гурт “Премьер-министр”, ансамблі “Песняры”, “Верасы”, “Бяседа” і інш.

Арганізатары канцэртаў абяцалі гледачам сюрпрыз – песню пра Оршу на словы віцебскай паэткі Тамары Красновай-Гусачэнка і музыку Ізмаіла Капланава. Казалі, што гэта кампазіцыя нібыта прэтэндуе на званне гімна горада. Пры гэтым на фестывалі за 5 тысяч рублёў прадавалі ручнікі, на якіх быў вышыты гімн Оршы на словы Паўла Сакаловіча. Таму так і засталося незразумелым: быў у гэтага горада гімн раней ці не. Яшчэ гандлявалі льнянымі шалікамі і ручнікамі з надпісам “Дажынкі”. Многія з задавальненнем набывалі гэтыя сувеніры.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

На фестывалі не было абмежавання на продаж спіртных напояў, таму піва ды гарэліца ліліся тут ракой. Аднак моцна п’яных мы не бачылі: ці то пілі, асабліва не набіраючыся, ці то тымі, хто ўжо лыка не вязаў, адразу займалася міліцыя. Эпіцэнтр народнага гуляння, нягледзячы на шматлюднасць, не быў засмечаны. Карацей, Орша проста ўразіла чысцінёй і культурай.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

На свята прыехала шмат гасцей. Бо ў каго не спытаеш дарогу ў тое ці іншае месца, ніхто не ведаў: самі прыезджыя. Немясцовыя ўдзельнікі свята жылі ў абноўленым гатэлі “Орша”, пансіянаце льнокамбіната, а міліцыянераў, супрацоўнікаў МНС і гандляроў пасялілі ў купэйных і плацкартных вагонах на чыгуначнай станцыі. Дарэчы, бліжэй да вечара ў суботу, калі пачаўся дождж і народ стаў паціху разыходзіцца, было вялікай праблемай убіцца ў машрутку ці аўтобус. Людзі бралі транспарт ледзь не штурмам.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Гандлёвы шэраг на “Дажынках” працягнуўся амаль на 5 кіламетраў – мы ледзь дайшлі да ягонага канца. Калі па віцебскіх мерках, то павільёнамі можна было б заставіць адрэзак ад плошчы Перамогі да Смаленскага кірмаша. Аршанскае свята абслугоўвалі 400 павільёнаў, у некаторых кармілі задарма – можна было бясплатна дэгусціраваць прадукты. Працавалі спецыялізаваныя выставы – “Беларускі дранік”, ”Аршанскі лён”, “Каравай Прыдзвіння”. У святочным гандлі прынялі ўдзел каля 200 прадпрыемстваў з розных гарадоў Беларусі. Чаго тут толькі не прадавалі: ад “чудо-подушки с запахом лета” да фарэлі для барбекю.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Ленін на аднайменнай цэнтральнай плошчы знаходзіўся ў атачэнні рамеснікаў. Увогуле “Горад майстроў” на “Дажынках” нам вельмі спадабаўся: выбар тут быў значна багацейшым, чым мы прывыклі бачыць на “Славянскім базары”. На кірмашы рамёстваў сваю творчасць прадставілі больш за 200 народных майстроў.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Адным з самых цікавых відовішчаў на “Дажынках” стаў чэмпіянат па спартыўнай сауне. Прычым перамагла ў ім прадстаўніца слабага полу – аршанка Святлана Кулікова. Яна паказала вынік на ўзроўні міжнародных спаборніцтваў, пратрымаўшыся ва ўмовах міні-сауны 14 хвілін 15 секунд. Другое і трэцяе месцы дасталіся таксама жанчынам. Мужыкі аказаліся менш загартаванымі, самы моцны з іх здолеў пратрымацца пры тэмпературы 110 градусаў і вільготнасці 100% толькі 11 хвілін 15 секунд. Пераможцы незвычайных спаборнітваў атрымалі каштоўныя прызы і медалі з сімволікай “Дажынак-2008”.

З колькаснымі паказчыкамі, колькі ж каштавалі дзяржаве сёлетнія “Дажынкі”, атрымліваюцца некаторыя розначытанні. Усе афіцыйныя СМІ агучылі наступныя лічбы: да фестывалю ў Оршы пабудавалі і адрамантавалі 692 аб’екты, на гэтыя мэты выдаткавалі каля 320 мільярдаў рублёў. Рамонт 220 дамоў — а гэта адна трэцяя частка ўсяго жылога фонду ў горадзе – абыйшоўся больш чым у 24 міліярды рублёў. Адрамантавалі 25 кіламетраў вуліц, паклалі каля 100 тысяч квадратных метраў тратуарнай пліткі. Каля 60% усяго фінансавання ішло з абласнога і мясцовага бюджэтаў.

Крыху іншыя лічбы за некалькі дзён да свята назваў намеснік старшыні Аршанскага гарвыканкама Іван Хурбатаў. Паводле ягоных слоў, на добраўпарадкаванне Оршы накіравалі 270 мільярдаў рублёў. Прычым навядзенне парадка яшчэ не скончылася, а будзе працягвацца і пасля “Дажынак”. У праграме добраўпарадкавання 704 аб’екты, усяго запланавана засвоіць 327 мільярдаў рублёў. “Гэта ў два разы больш, чым было ўкладзена ў развіццё Рэчыцы – сталіцы “Дажынак-2007” летась”, – паведаміў чыноўнік.

Наступныя "Дажынкі" пройдуць у наступным годзе ў Кобрыне Брэсцкай вобласці.

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Дажынкі 2008. Орша. Фота Сержука Серабро

Меткі: ,

Чытайце яшчэ