«Лялька» адкрывае 24 тэатральны сезон

Беларускі тэатр «Лялька» рыхтуецца да адкрыцця 24 тэатральнага сезону. 28 верасня лялечнікі парадуюць маленькіх гледачоў прэм'ерным спектаклем «Кветачка-вясёлка» і тэатралізавана-забаўляльнай праграмай. Спектакль па вядомай казцы В. Катаева паставіў мастацкі кіраўнік тэатра заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віктар Клімчук.

Як расказаў Віктар Ігнацьевіч на прэс-канферэнцыі 22 верасня, у дзень адкрыцця сезона традыцыйна пройдзе падвядзенне вынікаў галасавання за лепшага выканаўцу мужчынскай, жаночай і эпізадычнай ролі сярод акцёраў тэатра. Творчы састаў тэатра кожны год шляхам тайнага галасавання выбірае лепшых акцёраў, якія ўзнагароджваюцца прызамі. Для акцёра атрымаць прызнанне калег – самая лепшая ўзнагарода.

На гэтым тыдні трупа тэатра знаходзіцца з гастролямі ў заходнім рэгіёне Віцебшчыны са спектаклем «Асцярожна, Соня!». Вясковыя гледачы збіраюцца ў залах раённых дамоў культуры, многіх дзяцей з суседніх вёсак лялечнікі нават падвозяць на сваім аўтобусе. Для маленькіх вяскоўцаў убачыць лялечны спектакль – сапраўднае цуда.

З 3 па 8 кастрычніка «Лялька» прыме ўдзел у Міжнародным фестывалі тэатраў лялек у Мінску, дзе збяруцца тэатры лялек з Чэхіі, Іспаніі, Францыі, Італіі і іншых краін. Віцебскія лялечнікі павязуць у сталіцу спектакль «Чорная курыца, або Падземныя жыхары» па А. Пагарэльскаму.

Зараз у рэпертуары тэатра 30 спектакляў. У новым сезоне плануецца дзве прэм'еры. Гэта казка для самага малодшага пакалення гледачоў «Жыў быў Заяц» па п'есе М. Шувалава (яе мы убачым у студзені) і філасофская казка для вялікіх і маленькіх па п'есе К. Чаркасскай «Тайна мігаючых агеньчыкаў» (запланавана на чэрвень-ліпень).

Тэатр «Лялька» карыстаецца вялікай любоўю сярод жыхароў Віцебска, ён заўсёды запатрабаваны. На спектаклі «Лялькі» білетаў, як правіла, не хапае, зала на 128 месцаў не можа размясціць усіх жадаючых, асабліва на святочныя прадстаўленні. Час дыктуе новыя патрабаванні: тэатру востра неабходна вялікая глядзельная зала, майстэрні, новая сучаснае абсталяванне. Тады калектыў зможа тварыць яшчэ больш плённа і ўнесці ў сэрцы сваіх маленькіх і дарослых гледачоў яшчэ больш дабра, радасці і цяпла.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ