Глыбокае: Берніковіч правёў пікет на ганку райвыканкаму

Кандыдат ад Партыі БНФ па Глыбоцкай выбарчай акрузе № 22 Яраслаў Берніковіч у рамках сваёй агітацыйнай кампаніі правёў аднаасобную акцыю пратэсту супраць недэмакратычных мэтадаў, якія выкарыстоўваюцца падчас гэтых выбараў. Акцыя адбывалася ў цэнтры Глыбокага, а гледачамі былі шматлікія мінакі.

«У мяне быў на шыі плякат з надпісамі «Не — адміністрацыйнаму рэсурсу! Не — беспрынцыповай выбарчай камісіі! Закон роўны для ўсіх!». Стаяў я на ганку райвыканкаму, дзе месьціцца акруговая выбарчая камісія. Выйшла сакратарка, спыталася, ці ёсьць у мяне дазвол на правядзеньне акцыі. Я адказаў, што гэта мой мэтад агітацыі і сёньня я маю права агітаваць», — расказаў Яраслаў Берніковіч.
Мінакам, якія падыходзілі й пыталіся, што адбываецца, дэмакратычны кандыдат тлумачыў: ён пратэстуе супраць таго, што гэтая кампанія праводзіцца са шматлікімі парушэньнямі выбарчага заканадаўства, перадусім з боку ягонага канкурэнта, старшыні віцебскага аблвыканкаму Ўладзімера Андрэйчанкі.
Яраслаў Берніковіч падаў у акруговую камісію шэраг скаргаў — пра тое, што ўлёткі праўладнага кандыдата абавязалі разносіць паштароў, пра тое, што яго з нумара ў нумар «піяраць» мясцовыя дзяржаўныя СМІ. Але камісія не прызнала гэтыя факты парушэньнямі. Таму кандыдат апазыцыянэр вырашыў зьвярнуцца да грамадзкасьці, каб данесьці да яе сваю думку.
Прэс служба Партыі БНФ


Падобнае

    Каментаваць