Фестываль шведскага кіно запрашае

У Віцебску з 10 па 12 кастрычніка ў кінатэатры “Мір” ( вул. Чэхава, 3) пройдзе кінафестываль шведскіх фільмаў на беларускай мове “Восеньская стужка”. Адкрыццё адбудзецца 10 кастрычніка у 17.00 з удзелам прадстаўнікоў пасольства Швецыі.

У першы дзень кінафестывалю будзе паказаны фільм “Бывай, Фалькенберг” (Швецыя, 2006. Рэжысёр: Еспер Ганслант. Працягласць фільма: 88 хвілін). Акцёры: Хольгер Эрыксан, Ён Аксел Эрыксан, Ёрген Свенсан, Давід Ёнсан, Еспер Ганслант. “Бывай, Фалькенберг” – гэта дэбютны фільм Еспера Гансланта. Апошняе лета ў Фалькенберг. Галоўныя героі фільма – пяцёра сяброў дзяцінства, якія ўжо сталі юнакамі. Двое лепшых сяброў – Дэвід, які імкнецца застацца хлопчыкам, ды Еспер, як інікуды не хоча з’язджаць, – збягаюць да мора, прэч ад будучыні.

Еспер рэгулярна вяртаецца дадому, і ніхто не заўважае ягонай адсутнасці. Ёрген фінансуе сваю службу дастаўкі харчавання “Снеданне ў ложак”,ажыццяўляючы рабункі з узломам. А Ён, які заўсёды не ў гуморы, дагэтуль лічыць, што бекон робіць яго шчаслівым. Будучыня маячыць на даляглядзе,але нікога з іх гэта не турбуе. “Бывай, Фалькенберг” – фільм пра сяброўства і ўспаміны ды пра развітанне з мястэчкам ля мора).

11 кастрычніка адбудуцца 2 сеансы.
У 10.00 будзе паказаны фільм для маленькіх “Маленькая калядная казка” (Швецыя, 1999. Рэжысёр: Mari Marten-Bias Wahlgren). У галоўнай ролі: Lisa Malmborg. Працягласць фільма: 58 хвілін. Дзяўчынка Іна, набываючы пакупкі разам з маці, ў натоўпе губляе свайго любімага мішку. Знайшоў яго стары чалавек, які, у сваю чаргу, забывае яго на пошце, дзе мішка выпадкова трапляе ў мех з лістамі для паўночнага шведскага горада Лулеё. У той час, як Іна дома ў Стакгольме сумуе па сваім згубленым мішку, з ім па ўсёй краіне адбываюцца шматлікія прыгоды, у выніку якіх ён зноў выпадкова трапляе да Іны – ужо ў якасці падарунка да Калядаў ад брата, які вяртаецца з Амерыкі).

У 12.00: фільм “Чортавы правінцыялы” (Швецыя, 2004. Рэжысёр: Марыя Блум).
Працягласць фільма: 98 хвілін. Акцёры: Софія Хелін, Кайса Эрнст,Ан Петрэн, Лаш Г. Арансан. Рэжысёр Марыя Блум нарадзілася ў 1971 годзе. “Чортавы правінцыялы” – яе першы ігравы фільм. Гісторыя разгортваецца вакол трох сёстраў, якія нарадзіліся і выраслі ў маленькай вёсачцы, у шведскай правінцыі Даларна. Малодшая сястра Мія, пакінуўшы дом у раннім узросце дзеля жыцця ў вялікім горадзе, вяртаецца дадому на
сямідзесяцігоддзе свайго бацькі. Святкаванне юбілею ў самым разгары. Старыя канфлікты ўзнікаюць зноў, атмасфера абвастраецца і хутка ўжо не толькі кот апынаецца ў цэнтры праблем).

12 кастрычніка запланаваны таксама 2 сеансы.
У 12.00: фільм “Віват кароль!” (Швецыя, 2005. Рэжысёр: Ульф Мальмрас). Працягласць фільма: 90 хвілін.Акцёры: Ёзефін Нельдэн, Сесілія Валін, Ёханна Стрэмберг,
Малін Морган, Ёэль Кінаман. Падзеі ў стужцы “Віват кароль!” разгортваюцца ў 1984 годзе. Пасля таго як Абрэ не змагла патрапіць на канцэрт групы EbbaGron, яна вырашае пакінуць невялікае мястэчка, дзе жыве, і стаць рок-зоркай. Разам са сваімі сябрамі і панк-рокерам Міліянам яна стварае групу).

17.00: Правядзенне розыгрышу падарункаў (кніг, дыскаў з музыкай і фільмамі на беларускай мове, падвесак з гербам Віцебска). Паказ фільма-пераможцы, выяўленага паводле галасавання падчас усяго кінафестываля.

Таксама пройдзе конкурс з выставай дзіцячых малюнкаў, прысвечаных “Восеньскай стужцы”.

Уваход на кінасеансы фестывалю свабодны.


Меткі: , ,

Падобнае

    1 каментар

    1. Фестываль шведскага кіно запрашае | Альтэрнатыўная Моладзевая Палітыка  
      7/Кастрычнік/2008 у 13:33

      [...] https://www.news.vitebsk.cc [...]

    Trackbacks

    1. Фестываль шведскага кіно запрашае | Альтэрнатыўная Моладзевая Палітыка

    Каментаваць