Браслаўскія краязнаўцы аспрэчваюць тэорыю аб тым, што бацька братоў Уорнэраў – з Браслаўшчыны

Шмат хто з жыхароў Браслаўшчыны звярнуў увагу на публікацыю ў “Комсомольской правде” 16-22 кастрычніка 2008 года з кідкім загалоўкам “Братья Уорнеры с Браславщины”. У ёй распавядалася, што заснавальнікі славутай галівудскай кінакампаніі “Warner Bros” браты Уорнэры былі сынамі Бэні Ворана, які ў канцы ХІХ ст. пакінуў мястэчка Краснасельцы і выехаў у Амерыку. Вораны сталі амерыканскімі грамадзянамі Уорнэрамі, дабіліся сусветнай славы і зарабілі мільённы набытак.Краснасельцы – гэта вёска ў наваколлі Браслава, на беразе возера Дрывяты, пры скрыжаванні гістарычных гасцінцаў – Віленскага і Рыжскага. Ці мае дачыненне гэтае паселішча да лёсу легендарных кінабізнэсменаў?

Нават папярэднія даследаванні супрацоўнікаў Браслаўскага музея дазваляюць сцвярджаць – журналісты паспяшаліся. У спісах жыхароў вёскі XVIII – ХІХ стст. Вораны не значацца, як і Айхельбаумы (па некаторых меркаваннях – гэта сапраўднае прозвішча Бэні Ворана). Не сустракаюцца гэтыя прозвішчы і ў суседніх яўрэйскіх абшчынах. Вёску Краснасельцы немагчыма назваць мястэчкам, у пачатку ХХ ст. тут мелася 280 жыхароў. Пераважалі каталікі, было некалькі праваслаўных і ніякіх звестак пра яўрэйскія сем’і. У публікацыі згаданая карчма. Карчма з заездам пры гасцінцы ў Краснасельцах была, але яна прыйшла ў заняпад яшчэ ў першай палове ХІХ ст., задоўга да апісваемых падзей.

У публікацыі “Камсамолкі” Краснасельцы ХІХ ст. не прывязаныя ні да якой губерніі, ні да павету. У іншых публікацыях, у Інтэрнэце можна сустрэць прывязку – Польшча. Геаграфічныя пошукі прыводзяць да паселішча Краснасельцы ў сучаснай Цераспальскай вобласці Украіны, прычым Заходняй Украіны. Гэта было мястэчка са значным яўрэйскім кагалам. Хутчэй за ўсё, у гэтым паселішчы і трэба шукаць карані сям’і Уорнэраў (Воранаў ці Айхельбаўмаў).

Цікава, што на паўднёвы ўсход ад гэтага мястэчка ў якіх пару сотняў кіламетраў знаходзіцца горад Брацлаў, ці сярэднявечны Браслаў – украінскі двайнік беларускага гарадка.

www.westki.info

Меткі: ,

Чытайце яшчэ