Віцяблян чакае новая казка

Прэм’ера музычнай казкі “Нельга нам без сябра...” у пастаноўцы Юрыя КУЛІКА адбудзецца 11 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.

Былы акцёр-коласавец паставіў спектакль па казцы Сяргея Казлова пра вернае сяброўства. Героі казкі – Парсючок, Заяц, галодны Воўк, бабуля Дар’я Іванаўна і Вася – выходзяць з самых складаных сітуацый. А дапамагаюць ім у гэтым шчырасць і адкрытасць душы. У спектаклі заняты акцёры Яўген Бераснеў, Ягор Дзяюн, Максім Фралоў, Уладзіслаў Жураўлёў, Юрась Гапееў, Павел Давыдоўскі, Валянціна Багданава, Анастасія Куржалава, Віктар Дашкевіч, Валянцін Цвяткоў.

Сцэнаграфію і касцюмы да спектакля падрыхтавала мастак Святлана Макаранка, харэаграфія Дзіяны Юрчанка, музыка Уладзіміра Кандрусевіча.

Адразу ж пасля прэм’еры коласаўцы ад’язджаюць на гастролі ў Беласток, дзе будуць працаваць з 14 па 16 лістапада. Польскія гледачы ўбачуць класічную камедыю “За двума зайцамі” Міхаіла Старыцкага, сучасную эраты(ліры)чную камедыю “Псіхааналітык для псіхааналітыка” Дзіяны Балыкі і эцюды памяці “Шагал... Шагал...” Уладзіміра Драздова.
“Мы склалі гастрольную афішу з разлікам на рознага гледача, – засведчыў дырэктар тэатра заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько, – Спадзяемся, што кожны жыхар Беластока, які захоча пазнаёміцца з мастацтвам коласаўцаў, знойдзе сабе відовішча па густу”.


Падобнае

    Каментаваць