Фільм пра Аду Райчонак атрымаў яшчэ адну перамогу

Дакументальна-публіцыстычны фільм беларускага рэжысёра Уладзіміра Коласа “Галерэя Ады” пра вядомую грамадскую і культурную дзяячку Аду Райчонак перамог на VІІІ Міжнародным фэстывалі крэатыўных дакумэнтальных фільмаў «Escales Documentaіre», які штогод праводзіцца ў французскім горадзе Ля-Рашэль. «Галерэя Ады» была адзінаю беларускаю стужкаю на сёлетнім фэстывалі.

«...За здольнасць аўтара паказаць чалавечнасць герояў, за сілу супраціву ў грамадстве, якое знаходзіцца ў бядзе, за свята мастацтва і надзею – журы адзінагалосна аддае ўзнагароду «Escales Documentaіre» фільму Уладзіміра Коласа «Галерэя Ады», – гаворыцца ў афіцыйным камюніке журы.

53-хвілінны фільм “Галерэя Ады” быў зняты ў 2007 годзе тэлеканалам «Белсат» у супрацы з польскаю кінастудыяй «Everest». Стужка прысвечана былой настаўніцы, падзвіжніцы беларускага нацыянальнага адраджэння, старшыні Германавіцкага культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча. На свае сродкі яна заснавала мастацкую галерэю ў вёсцы Германавічы Шаркаўшчынскага раёна. Кожнае лета А.Райчонак праводзіць пленэры з удзелам беларускіх і замежных мастакоў. Героямі фільма сталі вядомыя жывапісцы і графікі, а таксама жыхары вёскі Германавічы.

Гэта ўжо не першая перамога гэтай стужкі. Напрыканцы верасня фільм «Галерэя Ады» атрымаў прыз у намінацыі «Нацыянальны характар» на міжнародным фэстывалі тэлевізійных праграм і фільмаў «Залаты бубен» у Ханты-Мансійску (Расія). А ў кастрычніку атрымаў спецыяльны прыз Еўрапарламента ў намінацыі «Дакументальнае кіно» на Берлінскім міжнародным фестывалі тэлевізійных і радыёпраграм.


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць