Храмы на паштоўках

У музеі прыватных калекцый у Віцебску праходзіць выстава паштовак «Праваслаўныя і каталіцкія храмы Беларусі», прысвечаная 1020-годдзю хрышчэння Русі. На ёй паказаны паштоўкі 1980-1990-х гадоў з фондаў абласнога краязнаўчага музея.
Частку экспазіцыі складаюць паштоўкі, выдадзеныя Віцебскай праваслаўнай епархіяй да 2000-годдзя ад Нараджэння Хрыстовага. На іх паказаны практычна ўсе дзеючыя храмы Віцебска, сярод якіх Свята-Георгіеўская, Свята-Андрэеўская, Свята-Вольгінская, Свята-Пакроўская, Дабравешчанская, Свята-Успенская цэрквы, храмы в гонар Аляксандра Неўскага, Кірыла і Мяфодзія, Свята-Казанская царква ў Маркавым манастыры, а таксама Свята-Узнясенская царква ў Лужасне.

На паштоўках, стылізаваных пад даўніну, можна ўбачыць, якімі прыгожымі былі храмы, якія некалі адрознівалі Віцебск, але ў гады “пяцігодак” барацьбы з рэлігіяй былі разруйнаваны, а зараз адбудоўваюцца дзякуючы падтрымцы гарадскіх і абласных уладаў, – гэта Свята-Успенскі сабор (1777-1936) і Свята-Уваскрасенская царква (1772-1936). І ўжо толькі на паштоўках і ў кнігах можна палюбавацца віцебскай пярлінай – Свята-Мікалаеўскім саборам, узарваным у 1957 годзе, адраджэнне якога, на жаль, у бліжэйшы час не плануецца.

На выставе таксама паказаны паштоўкі з фотаздымкамі праваслаўных і каталіцкіх храмаў у іншых гарадах Беларусі: Сафійскага сабора ў Полацку, Мікалаеўскага сабора ў Магілёве, Петрапаўлаўскага сабора і Троіцкага Залатагорскага касцёла ў Мінску, касцёла XVI стагоддзя ў Міры, касцёла святога Міхаіла ў Навагрудку і іншых. Некаторыя з іх, як мінская Прывакзальная Казанская царква ці касцёл у Гайне, таксама не захаваліся.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць