На выставе гістарычнага касцюма можна сфатаграфавацца ў шляхетным уборы

У віцебскім Літаратурным музеі напярэдадні адкрылася выстава рэканструкцыі гістарычнага і народнага касцюма “Эпоха. Мода. Стыль», прадстаўленая студэнтамі факультэта народнай культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М.Танка.

Касцюмы, адноўленыя з сучасных матэрыялаў, паказаны на гэтай экспазіцыі ў двух выглядах: у поўны рост чалавека і на ляльках. Тут можна ўбачыць жаночы касцюм Полацкага княства XI-XII стагоддзяў, а таксама шляхетнае адзенне розных эпох – барока, Рэнесанса, эпохі готыкі. Прадэманстравана і нацыянальная вопратка беларусаў, у прыватнасці, касцюмы, якія насілі нашы продкі ў Дубровенскім і Калінкавіцкім раёнах.

Лялькі паказаны ў разнастайных жанравых сцэнах: вось сямейка вясёлых дамавікоў, вось ідуць калядоўшчыкі з казой ды мядзведзем, а вось гуляе беларускае народнае вяселле. Аднак больш за ўсё ўразіла лялечная кампазіцыя з галоўнымі героямі майго любімага твора Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Андрэй Беларэцкі і яго каханая Надзея Яноўская апрануты, натуральна, па модзе свайго часу – у касцюмы беларускай шляхты канца XIX стагоддзя.

Цікава, што на выставе “Эпоха. Мода. Стыль» можна не толькі ўбачыць гістарычныя касцюмы, але нават сфатаграфавацца ў іх. Два ўборы, мужчынскі і жаночы, якія калісьці насілі шляхцічы, прапаноўваюць наведвальнікам. Перапрануцца ў іх можна за спецыяльнай шырмай тут жа, у музеі.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць