У Віцебску ўпершыню адбыўся парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Напярэдадні свята Божага Нараджэння па календары каталіцкай канфесіі ў Віцебску па традыцыі запалілі агні на галоўнай гарадской ёлцы. Як на мой погляд, дык сёлета яна атрымалася шыкоўнай, як ніколі раней. Такая прыгажосць, што не адвесці вачэй! А яшчэ ў нас упершыню адбыўся парад Дзядоў Марозаў і Снягурак. Цырымонія запальвання агнёў на ёлцы выклікала такую цікавасць у гараджан, што на плошчу Свабоды прыйшло столькі ж людзей, як падчас “Славянскага базара”. Каля лясной прыгажуні міліцыя нават усталявала кантрольна-прапускныя пункты з металадэтэктарамі.

Парад персанажаў навагодняга свята рухаўся ў суправаджэнні духавога аркестра ад вуліцы Савецкай па вуліцы Леніна да плошчы Свабоды. Галоўны Дзед Мароз Віцебска са сваёй унучкай і світай ехаў ва ўпрыгожанай ілюмінацыяй коннай брычцы. Цэлы натоўп Дзядоў больш нізкага рангу рухаўся ўслед за ім пехатой. За казачнымі героямі ішла сотня лепшых спартоўцаў горада – адыходзячы 2008 год быў абвешчаны Годам здароўя. Апошняй рухалася калона з машын МНС, міліцыі, аблпошты, хуткай дапамогі, таксі. Кіроўцамі ў іх таксама былі Дзяды Марозы.

У той самы момант, калі ёлка па загаду галоўнага Дзеда Мароза заззяла чароўнымі агнямі, неба над Віцебскам расквеціў салют у гонар Новага 2009 года. Крыху пазней адбылося вогненнае шоу, так што на недахоп уражанняў у гэты вечар ніхто не мог паскардзіцца. Народ яшчэ доўга не разыходзіўся з плошчы – людзі слухалі канцэрт, каталі дзяцей на поні, з захапленнем разглядалі ёлку.

Адзіным сумным момантам былі, як заўжды, прамовы. Ёлка сёлета атрымалася цалкам еўрапейскай, а вось нашыя чыноўнікі, напэўна, ніколі не навучацца прамаўляць коратка і па тэме. Выступаючы перад прысутнымі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, былы старшыня Віцебскага гарсавета дэпутатаў Генадзь Грыцкевіч адзначыў, што галоўнай падзеяй адыходзячага года былі выбары ў парламент. Вельмі спрэчнае сцверджанне: для кагосьці галоўнай падзеяй года стала нараджэнне дзіцяці, для іншага – наваселле, а для кагосьці – цікавая вандроўка. А хтосьці, можа, у Год здароўя, нарэшце, кінуў паліць... Што простым людзям тыя выбары?

Далей Г.Грыцкевіч бадзёра запэўніў віцяблян у тым, што ў нас “працягваюць павышацца тэмпы будаўніцтва жылля”, “вядзецца рэканструкцыя медыцынскіх устаноў”, “вялікая ўвага нядзяляецца спорту”, “будуюцца новыя вуліцы, праспекты і мікрараёны”. Думаю, што ўважліва аратара слухалі толькі журналісты, і тое, па прафесійнай звычцы. Астатнія, асабліва дзеці, з нецярпеннем чакалі, калі ж, нарэшце, зазіхаціць ёлка.

Чытайце яшчэ