Дэкада даўжынёй у два гады

18 студзеня полацкая рэп-каманда "Дэкада" адзначала свой двухгадовы юбілей і закаціла з гэтай нагоды ў малой зале Полацкага гарадскога палаца культуры рэп- і хіп-хоп-паці. Павіншаваць і падтрымаць імяніннікаў прыйшлі шматлікія прыхільнікі гэтага музычнага стылю, а таксама іх сябры – полацкія і наваполацкія андэграўнд рэп-каманды "Прасвет Family", "Megaflex", "Про100Style", МС і freestyle'ры, ну і, вядома жа, бі-боі (прыхільнікі break-danca).

"Дэкаду" заснавалі трое сяброў – Раман (Niger) Захарчанка, Артур (R2R) Богарад і Аляксандра Супрановіч. Дзесьці праз год Саша пакінула каманду і хлопцы засталіся ўдваіх. Але гэта не перашкаджае ім самім пісаць "мінусы" і тэксты, чытаць рэп аб каханні і жыцці, аб сваіх сябрах і аб тым свеце, што бачым мы кожны дзень, і нават паспяхова ўдзельнічаць у рэспубліканскіх конкурсах (хлопцы сталі фіналістамі адкрытага конкурсу мастацтваў "Вікторыя - 2008", які адбыўся ў Менску 6-7 снежня мінулага года).

Рускамоўны рэп распавядае аб цяжкім жыцці маладога чалавека ў гарадскіх джунглях. Модна спяваць аб жыцці вуліц, аб сацыяльных праблемах. І яшчэ адна з самых галоўных тэмаў рускамоўнага рэпу – самаідэнтыфікацыя і культ індывідуальнасці. Менавіта таму самыя масавыя слухачы гэтай музыкі – зусім юныя падлеткі, якія гатовыя пайсці за любым, хто можа навучыць іх быць сабой. "Быць сабой" – квінтэсенцыя сучаснага моладзевага рэп-руху.

Усе гэтыя тэмы ў розных варыяцыях гучалі ў наступнай частцы праграмы, дзе выступалі хіп-хоп банды. "Дэкада" парадавала гіпнатычнымі бітамі і гучаннем жывой гітары ў адной са сваіх тэм. Вельмі добрымі былі хлопцы з "Прасвет Family" – амаль на трып-хопавай дэпрэсіўнай аснове яны чыталі нешта змрочнае, пост-індустрыяльнае.

А завяршыла паці відовішчнае шоу майстроў break-dancа – вулічнага танца, які развіўся як частка хіп-хоп руху сярод афра-амерыканскай моладзі ў пачатку 1970-ых (яны называлі сябе b-boy). Брейкданс танчылі пад pop, funk і hip-hop. З цягам часу, брэйк стаў неад'емнай часткай хіп-хоп культуры. І калі абраць пераможца ў фрыстайле было цяжка (кожны ўдзельнік быў добры па свойму), то сярод бі-боёў бясспрэчна наймацнейшым апынуўся B-Gosh.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць