«Аршыца» – за альтэрнатыўнае мастацтва

Цэнтр сучаснага мастацтва прапануе выставу альтэрнатыўнага абстрактнага мастацтва ўдзельнікаў творчага аб’яднання “Аршыца”. Выстава прымеркаваная да 90-годдзя адкрыцця Віцебскага мастацкага вучылішча.

“Аршыца” аб’яднае мастакоў з Віцебска, Оршы, Мінска і Баранавічаў: гэта Віктар Шылко, Антаніна Фалей, Аляксандр Фалей, Барыс Іваноў, Анатоль Жураўлёў, Уладзімір Федарэц, Уладзімір Макаркоў, Ігар Хадзянок і Галіна Васільева. Мастакі працуюць у розных тэхніках і напрамках, кожны з іх – індывідуальнасць і мае свой непаўторны твар. Генадзь Фалей, куратар праекта, прапанаваў інсталяцыі з драўляных дошак і скуры, пры ўспрыманні якіх трэба ўлічваць форму і колер, а таксама кампазіцыю з кратону са шматлікіх конусаў, якая накіроўвае гледача да роздумаў аб вышэйшым, патаемным. Пры стварэнні сваіх кампазіцый Г. Фалей традыцыйна выбірае вельмі складаныя па сваёй прастаце матэрыялы і стварае ў прасторы лёгкія мастацкія вобразы, аптымістычныя, крыху жартаўлівыя, блізкі да прыроды.

Ігар Хадзянок (Орша) прапанаваў цыкл філасофскіх жывапісных работ, у якіх упры дапамозе ліній і колеру ён адлюстроўвае свой шлях у пошуках адказу на пытанне пра сэнс жыцця. “Я малюю лініі лёсу, спрабую адказаць, для чаго мы прыйшлі на гэтую зямлю, разгадаць прызначэнне свайго жыцця”, – гаворыць Ігар Хадзянок.

Антаніна Фалей выставіла двухбаковыя карціны, выкананыя ў абстрактнай манеры. “Мае карціны “адарваліся” ад сцяны, выйшлі ў прастору і ператварыліся ў аб’екты, – расказвае мастачка. – У іх я паспрабавала аб’яднаць фактуру, якая асацыіруецца з прыроднымі, стыхіінымі матывамі, і знакавую інфармацыю – літары – як сімвал інтэлекту чалавека”. Антаніна Фалей эксперыментуе з матэрыяламі (жывапіс, тканіна, папера, пенапласт) і тэхнікамі (злучэнне склейванне розных матэрыялаў). “Аршыца”, якая існуе з 1990 года, калісьці аб’яднала людзей, якія хацелі перавярнуць свет і не баяліся эксперымента. Аб’яднанне ўзнікла як пратэст афіцыйна прызнанай школе ў мастацтве. І кожны з мастакоў дагэтуль змагаецца за альтэрнатыўнае мастацтва.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць