У Полацку распачала працаваць выстава да Міжнароднага дня роднай мовы

Вось ужо дзесяць год запар па ініцыятыве ЮНЕСКА 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Святкуецца ён і на Беларусі. Да гэтай даты Музей беларускага кнігадрукавання, які знаходзіцца ў Полацку, наладзіў выставу «Мова! Як сонца маё беларускае...»

У Вялікім княстве Літоўскім беларуская мова была дзяржаўнай. Статут 1529 года – першы ў Еўропе звод законаў, створаны на аснове мясцовага нацыянальнага права, – быў выкладзены на тагачаснай беларускай мове. А ў Заходняй Еўропе тады карысталіся правам, складзеным на адзінай лацінскай мове. На беларускай мове друкавалі свае кнігі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Яна была роднай для К. Каліноўскага і Ф. Багушэвіча. На ёй напісалі свае лепшыя творы Я. Купала і Я. Колас, У. Караткевіч і В. Быкаў. Візітнай карткай Музея беларускага кнігадрукавання з яўляецца скульптура П.Вайніцкага «Прысвячэнне Роднаму Слову» (1999 г.), у вобразе якой мастак паказаў гісторыю беларускай мовы.

На экспазіцыі, якая будзе дзейнічаць на працягу трох месяцаў, можна ўбачыць мастацкія творы і даведачныя выданні, падручнікі і творы для дзяцей на беларускай мове. Асаблівую ўвагу прыцягваюць пераклады сусветна вядомых аўтараў Д. Дэфо, У. Шэкспіра, П. Мэрымэ, А. Пушкіна, Ф. Дастаеўскага на родную нам мову.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ