Маэстра Вайцюшкевіч зноў у Віцебску

Канцэрт вядомага беларускага барда Зміцера Вайцюшкевіча і “WZ-ORKIESTRA”. Фота Сержука Серабро

Вядомы беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч дасць акустычны канцэрт у Віцебску 1 сакавіка. Імпрэза адбудзецца ў арт-кавярні “Маэстро” (Амфітэатр). Разам са знакамітым бардам выступяць віцебскія гурты Jenowa i Jane Miles.

Як дапамагчы вясне перамагчы зіму? Можна есці снег, пязбягаючы жоўтага… Але лепш наведаць добры канцэрт харызматычнага мужчыны, які аксамітным голасам мякка прааперуе замёрзлую душу прыгожымі спевамі. У першы дзень вясны да нас прыедзе Зміцер Вайцюшкевіч.

Гэта другое выступленне экс-саліста легендарных гуртоў “Палац” і “Kriwi” ў Віцебску. Леташні лютаўскі канцэрт у Філармоніі стаўся першым у Беларусі па-за межамі Менску. Цягам паўтары гадзіны Вайцюшкевіч пад акампанемент свайго гурта WZ-ORKIESTRA выконваў кампазіцыі на вершы Уладзіміра Някляева, Алеся Камоцкага, Уладзіміра Маякоўскага, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, песні з праектаў „Народны альбом” і „Я нарадзіўся тут”. Сёлета спявак прыедзе адзін, і канцэрт абяцае быць яшчэ больш цёплым і ўтульным, чым год таму. У праграме - лепшыя песьні з альбомаў "Паравіны году", "Цацачная крама", "Песьні з доўгай шуфляды", "Танга з ружай", "Сонца і Месяц", "Калыханкі", "Паравоз Каханьня" і "Я нарадзіўся тут" і іншых.

Зміцер Вайцюшкевіч чакае вас 1 сакавіка ў арт-кавярні “Маэстро”. Пачатак канцэрту а 17.00. Кошт квіткоў: 10000 – папярэдне, 15000 – у дзень канцэрту. За дадатковай інфармацыяй тэлефануйце: +375297121111, +375293239846.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць