У Віцебску працуе выстава польскіх постэраў

Выстава, прысвечаная 90-годдзю ўзнаўлення незалежнасці Польшчы, адкрылася 5 сакавіка ў віцебскай ратушы. Прэзентавалі яе вайсковы аташэ Польшчы ў Беларусі Ян Мышчыньскі і дырэктар Польскага інстытуту ў Мінску Пётра Казакевіч.

Ян Мышчыньскі, адкрываючы выставу, адзначыў, што “90 гадоў таму ажыццявіліся сны аб незалежнасці пяці пакаленняў палякаў”. Ён падкрэсліў таксама, што польскія нацыянальныя героі, з якімі наведнікі могуць пазнаёміцца на выставе, былі прадстаўнікамі розных палітычных груповак – і правымі і левымі, але яны паразумеліся ў галоўным.

“Прыемна, што мы можам прысутнічаць у культурным жыцці Віцебска”, – сказаў на вернісажы дырэктар Польскага інстытуту Пётра Казакевіч.

Але адкрыццё польскай выставы менавіта 5-га сакавіка мела яшчэ адно, сімвалічнае, значэнне, бо гэтая дата наўпрост адсылае да катыньскай трагедыі. Акурат 5 сакавіка 1940 года было прынята рашэнне ЦК ВКП(б) аб растрэле «находящихся в лагерях для военнопленных 14 700 польских офицеров, чиновников, помещиков, полицейских, разведчиков, жандармов, осадников и тюремщиков», а таксама 11 000 арыштаваных і кінутых за краты ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне «членов различных контрреволюционных шпионских и диверсионных организаций, бывших помещиков, фабрикантов, бывших польских офицеров, чиновников и перебежчиков...». Як ні дзіўна, але на адкрыцці праекту пра гэта ніхто не ўзгадаў...

Насамрэч праект, які зладзіў ў абласным краязнаўчым музеі Польскі інстытут, складаецца з дзьвюх частак – асветніцка-адукацыйнай і ўласна мастацкай.

У вестыбюлі музея экспануюцца каля трыццаці планшэтаў-стэндаў пад агульнай назвай “Шлях да незалежнасці”. Па словах арганізатараў, гэта, “спроба рэканструкцыі падзеяў таго часу”. Шмат увагі ўдзяляецца тут найбольш значным постацям у гісторыі Польшчы – Юзафу Пілсудскаму, Ігнацыю Падарэўскаму, Уладыславу Сікорскаму, Раману Дмоўскаму ды іншым. Фотаздымкі суседнічаюць з цытатамі з Канстытуцыі Рэчы Паспалітай і твораў сучаснікаў. Што прыемна – на беларускай мове.

На трэцім паверсе музея у дзвюх залах прэзентаваны польскі плакат XXI стагоддзя. Экспазіцыя складаецца з прыкладна 70 тэатральных, музычных, кіношных, спартыўных постэраў, выкананых маладымі польскімі плакатыстамі у 2000-2007 гадох у асяродку Галэрэі плаката ў Кракаве (галерэя Кшыштафа Дыда). Польскія постэры дзіўным чынам спалучаюць у сябе утылітарны пачатак рэкламы і абсалютна бескарыслівыя памкненні чыстага мастацтва.

Вельмі натуральна, што ўдзельнікаў вернісажу, сагрэтых першымі вясеннімі промнямі, наймацнейшым чынам вабілі эратычныя па зместу творы – тэатральны плакат Юзэфа Бэндзеха “Птушкі. Арыстафан”, Томаша Багуслаўскага “Альфрэд дэ Мюсэ. З каханнем не жартуюць” ці памятны плакат Кубы Савіньскага “100 гадоў прысутнасці польскіх жанчын ва ўніверсітэтах”. Але самай папулярнай постаццю на польскіх плакатах, па назіраннях аўтара гэтых радкоў, з’яўляецца Дон-Кіхот... Экспазіцыя пакідае вельмі пазітыўныя ўражанні. Выстава будзе працаваць да 5 красавіка.

Даведка: Польшча адзначае Дзень незалежнасці ў памяць аб аднаўленні незалежнасці краінай у 1918 годзе – праз 123 гады пасля некалькіх яе падзелаў. Гэты дзень святкаваўся да 1938 года. Свята было скасавана камуністычнымі ўладамі ПНР. Як дзяржаўнае свята 11 лістапада адзначаецца з 1989 года.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць