«Вандроўка ў мару»

У Полацкай мастацкай галерэі адбылося адкрьццё выставы Наталлі Івановай «Вандроўка ў мару».Загадчыца Мастацкай галерэі Ларыса Лысенка прадставіла Наталлю Іванову як жанчыну са светлай, шчырай душой, якую можна прачытаць па яе творах. «Хутчэй за ўсё мае работы нагадаюць вам дзяцінства. Дзіця – гэта чыстая, несапсаваная душа... У кожным чалавеку глыбока-глыбока прытаілася маленькае дзіця. I я хачу, каб ваша душа на нейкі час стала такой, якой была ў дзяцінстве», – кажа мастачка.

Наталля Іванова нарадзілася ў Оршы. Яна ўдзельніца Саюза дызайнераў Беларусі і Міжнароднай гільдыі жывапісцаў. Яе работы знаходзяцца ў калекцыях у Беларусі, Расіі, Італіі, Літвы, ЗША, Нідэрландаў. Ёсць яны і ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Такая папулярнасць уражвае, але, калі слухаеш, як мастачка распавядае пра свае карціны, з якой любоўю глядзіць на іх, усё робіцца зразумелым. Сюжэты падобныя да казачных, аўтарка напаўняе кожную работу вялікім сэнсам, ствараючы асаблівы код. Гусь – сімвал сонца, жар-птушка – духоўнага ачышчэння, конь – сябра чалавека, а з крыламі – абазначае мару.

Разам з жонкай на адкрыцці быў яе муж Рыгор Іваноў. «У наш няпросты час галоўнае, каб не надышоў крызіс духоўны, – падкрэсліў ён. – Мастацтва дапамагае ў гэтым і часам атрымоўваецца насуперак: чым цяжэй, тым святлей мастацтва. Вось так і з'явіўся наш накірунак – усмешліва-летуценны».

Пакідаючы выставу Наталлі Івановай, наведвальнікі ўсміхаліся. Значыць, задума пацвердзіла сябе: палачане зрабілі вандроўку ў мару і на паўгадзіны адчулі сябе дзецьмі. Сталі больш добрымі і аптымістычнымі.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ