Віцебскі мастак стварае карціны-песні на тэму беларускага фальклору

У віцебскім музеі “Цэнтр сучаснага мастацтва” на днях адкрыўся першы ў “культурнай сталіцы” арт-праект на тэму міфаў. Ён атрымаў назву “Міфалогіум”, а ягоныя аўтары ў разнастайных жанрах выяўленчага мастацтва – жывапісе, графіцы, скульптуры, мастацкай фатаграфіі – увасобілі сваё бачанне міфалогіі Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма, а таксама беларускага фальклора.Усе ўдзельнікі праекта – Сяргей Сотнікаў, Сяргей Кухто, Уладзімір Бузікаў, Алег Кастагрыз, Алег Захарэвіч, Уладзімір Канцэдайлаў, Алена Гурына, Лілія Кулянёнак (Віцебск), Дзяніс Сінюгін (Мінск) і Канстанцін Прашковіч (Магілёў) – прадставілі на выставу цікавыя, запамінальныя творы.

Аднак найбольш уразілі графічныя працы выкладчыка Віцебскай мастацкай школы №1 Уладзіміра Бузікава. Ягоныя творы прыцягваюць сваёй незвычайнасцю – гэта карціны-песні. Працы “Два берагі”, “Ружова бяроза”, “Сізы галубочак” і іншыя, выкананыя ў адзіным экземпляры, адлюстроўваюць песенны беларускі фальклор. Кожная карціна падзелена на невялікія квадраты, унутры якіх дрэвы, птушкі, людзі, нацыянальныя арнаменты. А па контуры гэтых чорна-белых кампазіцый мастак ад рукі ўпісаў тэксты беларускіх народных песень “Ой, рэчанька, рэчанька”, “А ў полі вярба”, “Плылі гусі” і інш. Да прыкладу, працу “Ружова бяроза” ўпрыгожвае вось такі кранальны тэкст:

Ой, вырасла бярозачка, дзе яе садзіла,

Няма майго міленькага, што верна любіла.

Ой, вырасла бярозачка ружовага цвету –

Няма мне з кім гаварыць да белага свету.

Да ніводзін так цвет не харош,

Ды як той васілёчак,

Ніхто не міл да ніхто не люб,

да як верны дружочак.

Не ўсе разам ды сады цвітуць,

Не ўсе разам асыпаюцца,

Не ўсе тыя ды да шлюбу ідуць,

што любяцца да кахаюцца.

У працах іншых аўтараў – яркія вобразы антычных багоў і міфалагічных герояў. Так, у Алега Захарэвіча гэта Ікар, Клеапатра, Алена Траянская, Арцеміда. Алега Кастагрыза натхнілі на творчасць Даная, Еўропа, Дзіяна, і гэтыя багіні атрымаліся ў віцебскага мастака проста шыкоўнымі! Сяргей Сотнікаў экспануе тут жывапісныя палотны, а таксама скульптуры з дрэва, метала і камня “Медуза”, “Русалка”, “Адзінарог” і інш. Віцебскі мастак Сяргей Кухто, які не так даўно пайшоў з жыцця, маляваў кентаўраў – у гэтым быў ягоны адметны мастацкі почырк. Спыніцца прымусіла і карціна магілёўскага мастака Канстанціна Прашковіча “Траянскі конь”. Конь на ёй намаляваны ў выглядзе дзіцячай цацкі-качалкі, унутры якой мноства твараў старажытных ваяроў.

Наведаць цікавую экспазіцыю можна да 20 красавіка.


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць

    Вы павінны увайсці каб каментаваць.

    Увайсці з: