Заплакалі бярозы…

Напрыканцы мінулага тыдня бярозкі на Віцебшчыне пусцілі сок. У Глыбоцкім лясгасе ўжо нарыхтавалі 15 тон бярозавіку, у Бешанковіцкім – 5 тон.

Сёння, па словах вядучага інжынера прамысловага аддзялення Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Алега Грыцкевіча, пачынаецца масавае збіранне каштоўнага бярозавага напою. Сёлета ў вобласці плануецца сабраць 1000 тон бярозавіку. Летась на перапрацоўку было здадзена 900 тон.

Нагадаем, што падсочваць бярозы можна адно ў пасадках, прызначаных для высечак галоўнага карыстання, але не раней за пяць гадоў да іх рубкі. Пры ажыццяўленні нарыхтоўкі бярозавага соку юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі павінны мець лясны білет, выдадзены лясгасам. Грамадзяне могуць падсочваць бярозкі бясплатна, але для гэтага трэба таксама звярнуцца ў лясніцтва па дазвол. Там жа давядуць, дзе і як гэта можна зрабіць.

За самавольную падсочку бярозак парушальнікі могуць атрымаць добрую такую бярозавую кашу, запараную ў агульным чыгунку Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях. Гэтак, за падсочку на асабліва ахоўных тэрыторыях можна адхапіць штраф ад 4 да 35 базавых велічынь, за нарыхтоўку на ўчастках, дзе падсочка забаронена, а таксама за парушэнні тэхналогіі нарыхтоўкі - ад 20 да 50 б.в.

Дык, мусі, лепш зайсці ў лясніцтва ці лясгас (па месцы жыхарства альбо па месцы збірання соку) і атрымаць дазвол, а то й сок той, якім так шчодра нас поіць Радзіма, падасца гаркавым…


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць