Спатоленыя Смагай

Сваю першую персанальную выставу прэзентаваў 12 красавіка ў віцебскай ратушы мастак і рэпер Андрэй Смага. Лідар гурту “Подвальные рифмы” (Анубис) зрабіў усё, каб сцены краязнаўчага музею, звыклыя да класічнага камернага мастацтва, набрынялі хіп-хоперскай энэргетыкай вуліцы і водарам велікоднага дажджу...
Персанальная выстава Андрэя Смагі. Віцебск. Фота Таццяны Салаўёвай

Ратуша была захоплена хіп-хопам. Зала абярнулася вуліцай. Яшчэ за дзве гадзіны да вернісажу іранічны і спакойны Смага пад адпаведнае музычнае суправаджэнне (за дыджйскім пультам варажылі Ігар Юхневіч і Сяргей Смунёў) і пад пільнымі поглядамі паўсотні цікаўных назіральнікаў пачаў ствараць на вялікім дэвэпэшным лісце графіці “Los Vitebsk city”. Атрымалася штось касмічна-дэманічнае, але з профілем Хрыста на гарадскім гербе ў правым верхнім кутку. Смага сціпла пасміхнуўся ў адказ на энэргічныя воплескі гледачоў напрыканцы дзеі.

Персанальная выстава Андрэя Смагі. Віцебск. Фота Таццяны Салаўёвай

“От каб гэта на ратушную сцяну перавесці...” – разважаў нехта з наведнікаў. Але ж наўрад ці выбеленыя і вылізаныя на шматлікіх суботніках сцены краязнаўчага музею вытрымалі б такое...
Дарэчы, Андрэй Смага – віцябчук да мозга касцей. У 2001-м ён скончыў у Віцебску СШ №39, паралельна вучыўся ў мастацкай школе №2, пасля школы – на мастацка-графічным факультэце ВДУ, дзе абараніў дыплом па станкаваму жывапісу “Карнавал”.

Адмаўляючы ў сувязі тэмы дыплома з працамі аўтара карнавальнай тэорыі Міхаіла Бахціна, які ў свой час выкладаў у горадзе на Дзвіне, Смага ўсё ж лічыць Віцебск горадам карнавальным. Прычым да ягонай карнавальнасці “Славянскі базар” не мае ніякага дачынення. “У Віцебску закладзена моцная энэргетыка. Што праўда, горад наш карыстаецца ёй не на поўніцу. Але калі-небудзь, дзякуючы таленавітым месцічам, ён стане вялікім энэргетычным цэнтрам”, - сцвярджае мастак.

Але на большасці палотнах (усяго паказана каля 20 работ) мастака не Віцебск, а Венецыя, хай сабе і сімвалічная. “Асноўная ідэя выставы – паказаць Венецыю, у якой я ніколі не быў”, - прызнаецца Андрэй Смага.

Венецыя Смагі заселена самотнымі урубельскімі дэманамі-блазнамі, лепрыконамі і эльфамі. Па яе вуліцах лётаюць лілейныя пялёсткі і гучаць дзівосныя серэнады. Эратычна выгнутыя лініі мадэрну перасякаюцца з гатычнымі стрэламі. Казка – з самотай і трывогай. Фіялетавае з памаранчавым і зялёным. Усё таемна і сімвалічна.

Дарэчы, Анубіс (рэперскае імя Смагі) у старажытнаегіпецкай міфалогіі – праваднік душы праз цемру. Чалавек з галавою шакала. Можа, невыпадкова, што вернісаж выставы Смагі супаў з каталіцкім Вялікаднем – свята перамогі Святла над цемраддзю?

Магчыма, экспазіцыя сапраўды дадасць святла, асабліва тым, хто, як кажуць, “у тэме” і культурным кантэксце. Для астатніх неабходны сталкер. І во тады варта будзе паклікаць Анубіса. Ці перажагнацца на парозе... Ну а дзеткі, думаецца, і так паразумеліся б са Смагай. Па блізкасці мрояў. Праўда, смагаўскія блазны занадта ўжо журботныя для дзіцячых вочак.
Выстава, арганізатарамі якой выступілі віцебская суполка NoLogoPromo і Віцебскі абласны краязнаўчы музей пры актыўным удзеле ўсебеларускай грамадскай кампаніі “Будзьма!”, атрымалася супярэчлівая. Але жывая і неперасмажаная. Хіп-хоп пайшоў на карысць музейным сценам ратушы.

Прымераўшы блазенскі каўпак ад Смагі ды паразмаўляўшы з Гаргуддзяй, выходзіш на вольнае паветра крыху больш іранічным, чым быў да гэтага. І тут жа ўтыкаешся позіркам у белыя і чыстыя сцены зусім рэальнага і нехіпхоперскага Віцебска, аблітага красавіцкім халодным дажджом. Дык не Венецыя ж...


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць