На віцебскай сінагозе намалявалі свастыку
Сёння на сцяне віцебскай сінагогі з’явілася свастыка.
Намалявалі яе, хутчэй за ўсё, ўначы. Вартаўніка ў комплексе, дзе знаходзіцца сінагога і грамадскі дом іудзейскай суполкі “Дом Ізраіля”, няма. Таму вернікі і мінакі заўважылі чорны крыж з надпісам “6 млн – ложь!” толькі з раніцы.
Паводле старшыні суполкі Хаіма Магаршака, гэта ўжо не першы выпадак, калі сінагогу апаганьваюць прафашысцкай сымболікай. Чатыры гады таму на сцяне намалявалі вялізную свастыку. Спадар Магаршак звярнуўся у міліцыю, КДБ і райвыканкам, але вінаватых дагэтуль не знайшлі.
Па афіцыйных дадзеных, неафашысцкіх арганізацый на Віцебшчыне не існуе, і аб усіх падобных выпадках праваахоўчыя органы пераважна гавораць як аб фактах дробнага хуліганства.
З нагоды новага факта апаганьвання сінагогі фашысцкай сымболікай Хаім Магаршак таксама напісаў заяву ў Кастрычніцкі РАУС.