Кентаўры Кухто ў віцебскай ратушы

“Шлях кентаўра” – так называецца выстава жывапісу вядомага віцебскага мастака Сяргея Кухто, якая адкрылася ў дзень народзінаў творцы ў абласным краязнаўчым музеі. 22 красавіка ён бы мог адзначыць свой 50-гадовы юбілей. Але ў 1999 годзе мастак, за палотнамі якога палююць сёння калекцыянеры, сышоў ад нас назаўсёды.

Гэта ўсяго трэцяя па ліку персанальная выстава Сяргея Кухто (усе тры былі зладжаны ўжо пасля смерці Майстра). У адрозненні ад папярэдніх на ёй паказаны работы мастака (усяго каля 70 палоцен), якія ніколі раней не выстаўляліся і знаходзяцца зараз у прыватных калекцыях. Прэзентаваныя таксама рэпрадукцыі палоцен, якія назаўжды “з’ехалі” з Беларусі і знаходзяцца зараз у прыватных калекцыях у ЗША, Нямеччыне ды іншых краінах. Акрамя таго, на выставе прадстаўлены замалёўкі, эцюды, натурныя матэрыялы, а таксама мастакоўскія нататкі і аўтарскія фотаздымкі.

Удава мастака Раіса Кухто адзначыла на вернісажы: “Сяргей жыў на вастрыі адчування, таму кожная ягоная работа ўяўляецца мне патаемным адкрыццём... Ён, як і кожны мастак, быў у жыцці вандроўнікам, пілігрымам, ён пастаянна быў у дарозе...”

На адкрыцці экспазіцыі выступілі таксама куратар выставы Міхась Цыбульскі, аднакурсніцы мастака па вучэльні імя А. Глебава Любоў Вішнеўская і Наталля Лісоўская, віцебскія мастакі.

Цэнтральны вобраз творчасці Кухто – кентаўр, стварэнне з галавой і тулавам чалавека і целам каня. Вобраз грэцкай міфалогіі мастак перанёс на беларускія палеткі, у беларускія рэаліі, у родны Віцебск. Кентаўры Кухто – спакойныя, глыбокія, задуменныя. Яны – бяздомныя вандроўнікі. Яны вельмі самотныя і таму трагічныя. Кентаўры-беларусы, створаныя, не пабаюся гэтага слова, геніяльным пэндзлем сапраўднага Майстра.

Адна з самых кранальных і глыбокіх выставаў за апошні час у Віцебску. Абавязкова глядзець. Пакуль не позна...

Меткі: ,

Чытайце яшчэ