Раскіданае гняздо: сквера на плошчы Перамогі больш не існуе

29 красавіка цяжкая тэхніка завяршала вызваленне ад дрэваў плошчы Перамогі ў Віцебску. Апошнімі трымаліся некалькі ялін. Іх выдзіралі экскаватарам і вывозлі ў невядомым накірунку ў суправаджэнні машын ДАІ.
Выкарчоўка дрэваў на плошчы Перамогі ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Жыхары дома №5 па Маскоўскім праспекце два разы стыхійна збіралі сход, на які нават быў вымушаны прыехаць намеснік старшыні гарвыканкама Леанід Кавалёў. Нажаль, ён не змог прад’явіць абураным гараджанам эскіза ці макета будучай плошчы, патлумачыўшы толькі, што яна будзе самай прыгожай у Еўропе. Па словах спадара Кавалёва праект плошчы яшчэ толькі распрацоўваецца, як разлічваецца і аб'ём патрэбных інвестыцый.

Выкарчоўка дрэваў на плошчы Перамогі ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Некалькі віцяблян пагадзіліся выказаць сваю думку наконт так званай рэканструкцыі:

Два пенсіянеры, удзельнікі стварэння плошчы Перамогі: У 1974 годзе мабілізавалі ўсіх, каго толькі можна. І дрэвы саджалі, і кусты саджалі — гэта быў іншы час! Чаму нам не паведамілі, што тут будуць рабіць, як будуць рабіць? Цяпер людзям, якія гуляюць недзе прыткнуцца, таму яны вельмі абураюцца. Тут было 12 кустоў бэзу, 11 елак было. Гэта дзікунства, мы ніколі не думалі, што такія елкі будуць выварочваць. Мы сюды саджанцы адусюль звазілі. Лепш бы падземны пераход адрамантавалі — 40 гадоў таму пабудавалі і ні разу не замянілі асфальт. Можна ногі зламаць, а чаму — таму, што начальства на машынах не заязджае і ніхто там не бывае.

Выкарчоўка дрэваў на плошчы Перамогі ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Малады хлопец, дызайнер: Гэта вандалізм, разбурэнне гарадскога парку! Зсеклі елку з якой я ў дзяцінстве быў сфатаграфаваны, больш за 30 гадоў стаяла.

Выкарчоўка дрэваў на плошчы Перамогі ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Дзве бабулі, жыхаркі дома №5: Нам патлумачылі што зробяць на плошчы. Усё гэта закладзецца плітачкай, траўкі, як мы прывыклі, дрэў – не будзе. Будуць разнастайныя ліхтары. А дрэў шкада, такія елкі, такія бярозы – мы плачам!

Выкарчоўка дрэваў на плошчы Перамогі ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Малады мужчына, сістэмны адміністратар: У Еўропе бы стаялі людзі з плакатамі, магчыма камянямі кідалі б трактары. А нашаму народу ўсё роўна, дык усё роўна.

Дзве школьніцы: Жахліва, стала непрыгожа. Лепей бы ўсё заставалася па-старому, тут людзі адпачывалі, тут самы нармальны парк быў.

Святар: Мне цяжка штосьці сказаць — няма ж ніякай інфармацыі. Але я буду вельмі рады, калі тут нешта зноў пасадзяць, бо віцябляне, тутэйшыя, вельмі любяць тыя зялёныя насаджэнні, якія былі на гэтай плошчы, гэты куток для адпачынку. Гэта, канешне, справа гарадскіх уладаў, але ўсё ж варта раіцца з людзьмі, якія тут жывуць.

Маладая сям’я з малым дзіцём: Можа яно і да лепшага, але мы пакуль не бачым зрухаў у лепшы бок, толькі ў горшы. Але Масква не адразу будавалася, напэўна, калі будзе цэнтральная плошча горад, то зробяць добра. Але я ўпэўнены, што тут павінны быць зялёныя насаджэнні. Бо ў цэнтры горада іх практычна няма — набярэжная не абсталяваная, мы тут побач жывём, часта хадзілі сюды гуляць, а зараз і выйсці няма куды — трэба за горад будзе выязджаць.

Мусім адзначыць, знішчэнне сквера на плошчы Перамогі ў Віцебску яскрава акрэсліла адсутнасць грамадскай супольнасці ў нашым горадзе. Пасіўнасць грамадскіх і палітычных актывістаў шакавала гэтак жа, як і варварскі ўчынак уладаў. Не знайшлося ні адной палітычнай партыі, ні адной грамадскай арганізацыі, ініцыятывы ці руху, якія б выступілі ў абарону дрэваў ці дапамаглі арганізавацца жыхарам навакольных дамоў. Безумоўна, дэкларатыўна змагацца з гіпатэтытчнай атамнай станцыяй значна зручней, чым выратаваць рэальны куст бэзу ці шыпшыны.

Выгляд плошчы Перамогі ў Віцебску на чэрвень 2008 г. Фота Дзмітрыя Лук'яненка

Так выглядала плошча Перамогі ў чэрвені 2008 г.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ