Прэзентацыя “222 альбомы беларускага року” адбылася ў Віцебску

У Музычнай гасцёўні суботнім вечарам 16 траўня адбылася сустрэча людзей, неабыякавых да пытанняў сучаснай беларускай музыкі. У Віцебск завіталі Вітаўт Мартыненка, Анатоль Мяльгуй, Віталь Супрановіч і Андрэй Плясанаў каб пагаварыць пра Музыку і Беларусь, Песні і Мову, Кнігі і Культуру.

Распачаў сустрэчу Віталь Супрановіч, кіраўнік моладзевай суполкі “БМАgroup”. Ён паведаміў аб стварэнні фан-клубу “Будзьма свабоднымі!”, што аб’ядноўвае аматараў беларускай музыкі розных стыляў і запрасіў усіх, хто любіць айчынную музыку і цікавіцца ёй, далучацца да фан-клубу і актыўна з ім супрацоўнічаць.

А потым гуру беларускай музыкі, “канцэптуалісты беларускага духу” – Мяльгуй і Мартыненка – распавялі прысутным праз прызму року пра 222 альбомы беларускага року. Гэтыя музычныя крытыкі ў 1989 годзе выдалі “першую беларускую рок-энцыклапедыю” – “Праз рок-прызму”.

Канцэптуальна-тэарэтычная па сваёй сутнасці, кніга і па сённяшні дзень з’яўляецца унікальнай і актуальнай у роўных ступенях. Праз 15 год яна вылілася ў практычны працяг тэорыі – збор рэцэнзій на 222 альбомы беларускай музыкі. Шмат словаў было прысвечана напісаным спадарамі-аўтарамі кнігам, перадгісторыям іх складання і выдання, культуралагічным прынцыпам адбору матэрыялаў, гісторыям, звязаным з жыццём кнігі пасля яе выхаду ў свет.

Жывыя, дарослыя, разумныя і разважлівыя размовы вяліся ў гэты вечар у віцебскай музычнай гасцёўні, прыемна і цікава было іх слухаць, бо не кожны дзень выпадае сустрэцца з людзьмі, якія свядома жывуць і ідуць па Свайму Шляху.

Другой часткай сустрэчы стаўся выступ лідэра гурту “PLAN” Андрэя Плясанава. Моцай гуку ад першых акордаў і глыбокімі сэнсамі тэкстаў гэты чалавек напоўніў прастору залы своеасаблівай атмасферай і настроем задуменнасці і шчырасці.

Прыемна, што ёсць цікаўныя людзі, якія варушацца і напаўняюць нашае культурнае жыццё такімі сустрэчамі. Дзякуй ініцыятарам мерапрыемства – Ганне і Святлане і ўсім, хто спрыяў правядзенню вечара. І асобны Дзякуй В.Мартыненку, А.Мяльгую, В.Супрановічу і А.Плясанаву – што даехалі і паўдзельнічалі ў імпрэзе.

P.S.
Каб знайсці свой шлях – слухай сваё сэрца, – спяваў Плясанаў.
Родная мова – аснова ўсяго, – казалі крытыкі.
Любіш айчынную музыку? Далучайся да нас! – запрашаў Супрановіч.
Хочаш стаць разумнейшым – сустракайся з тымі, хто разумней за цябе, – нагадвае народная мудрасць.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць