У Віцебску прайшлі першыя Быкаўскія чытанні

У Віцебскай абласной бібліятэцы 12 чэрвеня адбылася вечарына “Салдат Перамогі”, прысвечаная жыццю і творчасці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Імпрэза стала адметнай тым, што ў яе межах прайшлі першыя ў Віцебску Быкаўскія чытанні. Такім чынам, нарэшце, спраўдзілася даўняя мара вядомага віцебскага паэта Давіда Сімановіча, які і быў ініцыятарам гэтых чытанняў.З дакладам пра творчую спадчыну В.Быкава на чытаннях выступіў госць з Мінску – пісьменнік і літаратуразнаўца, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхась Тычына. Затым увагу слухачоў займелі старшыня абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Франц Сіўко, загадчыца кафедры беларускай літаратуры ВДУ імя П.Машэрава Вольга Русілка, загадчыца літаратурнай часткі драмтэатра імя Я.Коласа Святлана Дашкевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №44 Віцебска Алена Новік і паэт Давід Сімановіч.

Перад пачаткам чытанняў у фае бібліятэкі адкрылася выстава “У вянок Васілю Быкаву”. На ёй прадстаўлены працы мастакоў, удзельнікаў III Нацыянальнага Быкаўскага пленэру, што адбыўся ў 2008 г. на радзіме аўтара «Знака бяды» і «Альпійскай балады» – у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна. У экспазіцыі – цудоўны габелен з партрэтам піьменніка, зроблены віцебскай мастачкай Святланай Баранкоўскай, а таксама працы Алеся і Ігара Марачкіных, Алега Скавародкі, Вячаслава і Жанны Шамшураў, Эдварда Галустава, Яўгена Шатохіна і інш.

Вечарыну да двух юбілейных дат – 85-годдзя з дня нараджэння В.Быкава і 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – зладзіла абласная бібліятэка пры садзейнічанні абласных аддзяленняў Саюза мастакоў Беларусі, Саюза беларускіх пісьменнікаў і “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ