На Віцебшчыне адзначылі 85-я ўгодкі з дня нараджэння В.Быкава

У Віцебску і Ушацкім раёне – на радзіме народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, сёння адбыўся шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 85-годдзя з дня нараджэння літаратара. Так, у віцебскі Літаратурны музей сёння прыйшлі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі горада – мастакі, паэты і пісьменнікі, настаўнікі, супрацоўнікі тэатра. Тут адкрылася выстава “Шляхам Васіля Быкава” з фондаў абласнога краязнаўчага музея. На ёй можна ўбачыць кнігі, дакументы, фотаздымкі, а таксама мастацкія працы з рэспубліканскіх Быкаўскіх пленэраў.

У вёсцы Бычкі Ушацкага раёна сабраліся прадстаўнікі недзяржаўнай пісьменніцкай арганізацыі – Саюза беларускіх пісьменнікаў. Тут прайшла цырымонія ўручэння прэміі “За свабоду думкі”, заснаванай год таму. Сёлета яе лаўрэатам стаў мастак Алесь Пушкін. (Летась былі ўганараваны Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін і Павел Севярынец).

Сам жа райцэнтр Ушачы вітаў сёння ўдзельнікаў абласнога свята паэзіі, зладжанага Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Мерапрыемства прысвячалася 85-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава і 80-годдзю з дня народзінаў яшчэ адной знакамітай ураджэнкі гэтага краю – паэткі Еўдакіі Лось. Для ўдзельнікаў свята прайшла экскурсія “Літаратурная Ушаччына” – у вёску Пуцілкавічы, дзе знаходзіцца хата-музей Петруся Броўкі, вёску Старына – радзіму Е.Лось, і вёску Бычкі – дзе знаходзіцца бацькоўская сядзіба В.Быкава. Экскурсанты наведалі таксама мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Скончылася свята літаратурнай вечарынай ў раённым Доме культуры.


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць