Лепшыя творы народных майстроў Віцебшчыны

Лепшыя творы народных майстроў з розных куткоў Віцебшчыны, славутай сваім гераічным мінулым, прадстаўлены ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры навуковай творчасці. Выстава прапанавана да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ляўша калісьці падкаваў блыху, а вось народны майстра з Чашніцкага раёна В. Варчэня стварыў храм у сярэдзіне яйка. У цудоўных ажурных драўляных яйках схаваны віцебская Дабравешчанская царква і іншыя храмы. Шмат іншых народных майстроў Віцебшчыны ўмеюць рабіць цуд сваімі рукамі. На выставке можна ўбачыць ткацтва, вышыўку, разьбярства, кераміку, выцінанку, саломапляценне, мастацкую выпрацоўку скуры, народныя касцюмы, маляванку, рукатворныя драўляныя абразы-складні (аўтар В. Караблін, Чашнікі).

Як расказала супрацоўніца Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра навуковай творчасці Ніна Федарыстава, дамы (цэнтры) рамёстваў ёсць у кожным з 21 рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Але на гэту выставу прывезлі свае творы трынаццаць з іх (Глыбоцкі, Віцебскі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Лепельскі, Шумілінскі, Лёзненскі, Чашніцкі, Полацкі і дамы рамёстваў і іншыя), а таксама Полацка, Наваполацка і Оршы. Майстры прывезлі ў Віцебск самыя лепшыя ўзоры беларускай народнай творчасці.

Шумілінскі дом рамёстваў прадставіў народнае беларускае адзенне (“строй”), майстры з Сянно – вясельнае адзенне і адзенне сталай жанчыны. Па выстаўленых экспанатах можна адзначыць класічныя рысы беларускага народнага адзення: галаўны ўбор ("намiтка"), доўгая спадніца ("андарак"), геаметрычны арнамент вышыўкі. Можна тут ўбачыць мужчынскі і жаночы “строй” старавераў.

Шаркаўшчынскія майстры прывезлі ўзоры вясельных рушнікоў, Докшыцкія – цікавыя ганчарныя вырабы, разьбярства, ручную лепку. Вырабы з саломкі і разьбярства прадставілі чашніцкія творцы.

Дзіўныя аклады да абразоў з саломкі вырабіла Зінаіда Елісеева: яны не проста дэкарыруюць, але тлумачаць вобраз.

На выставе ўпершыню ў Віцебску прадстаўлена 13-я частка знакамітага Полацкага абярога. Да 1145-й гадавіны Полацка ўдзельнікі клуба “Рошва” (кіраўнік – Ніна Іосіфаўна Ярмух) Полацкага дома рамёстваў і нацыянальных культур прапанавалі зрабіць абярэг – рукатворнае палатно з квадратных пасшываных ласкутоў (45х45 см кожны) – і ў ім выказаць свае самыя лепшыя пажаданні роднай беларускай зямлі і яе жыхарам. У пачатку аўтары ідэі нават не ўяўлялі, што праект набудзе такую неверагодную папулярнасць. Майстрыцы са ўсяго свету працягваюць дасылаць у Полацк свае новыя працы. У яго стварэнні прынялі ўдзел майстрыцы з Беларусі, Расіі, Нямеччыны, Латвіі, Літвы, Украіны, Казахстана, Даніі, Малдовы, Балгарыі, Эстоніі, Шатландыі і нават Аргентыны. Па Полацкім абярэгу ўжо можна вывучаць геаграфію. Ён злучыў людзей розных нацыянальнасцяў, прафесій і веравызнанняў, але аб'яднаных адным – любоўю да сваёй радзімы.

З таго часу, як пачалася гісторыя полацкага абярэга, там, дзе ён вандруе, ён паўсюль знаходзіць сваіх прыхільнікаў. У стварэнні полацкага абярога ўжо прынялі ўдзел каля 1000 чалавек, яго плошча – 91 кв. м.

Зараз у віцяблян ёсць магчымасць убачыць яго новую частку, у якую ўвайшлі працы, перададзеныя клубу "Рошва" майстрыцамі з Беларусі (Полацка, Ушач, Глыбокага, Пастаў), Расіі (Вялікіх Лук), Нямеччыны і Шатландыі, Аргентыны. У 13-й частцы абярэга шмат работ віцебскіх майстроў (ёсць праца і Ніны Федарыставай). Якіх толькі цудоўных малюнкаў толькі няма на рукатворных ласкутах: тут і дрэва жыцця, і падкова на шчасце, і лікі святых, і анёлы, буслы, храмы, птушкі, прыродныя матывы і іншае. Гэтая незвычайная рэч, зробленая сваімі рукамі, з чыстым сэрцам і светлымі намерамі, з’яўляецца, па славянскіх поглядах, моцным абярэгам.

Клуб "Рошва" мае намер працягваць стварэнне абярэгу, магчыма, да 1150-годдзя самага старажытнага горада Беларусі, якое будзе адзначацца ў 2012 годзе. Мяркуюць, што колькасць квадратных лапікаў абярэгу будзе больш за тысячу.

Выстава працуе да канца ліпеня.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ