Перамозе “Нафтана” апладзіраваў шматтысячны Летні амфітэатр

У гонар наваполацкага “Нафтана”, які ўчора паспяхова дэбютаваў у Лізе Еўропы УЕФА, атрымаўшы перамогу з лікам 2:1 над бельгійскім “Гентам”, гучалі апладысменты гледачоў, якія прыйшлі ў Летні амфітэатр на канцэрт урачыстага закрыцця “Славянскага базару ў Віцебску”. Гэту радасную навіну публіцы паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец.
Губернатар паставіў поспех навапалачан у адзін шэраг з такімі важнымі падзеямі як адкрыццё Алеі зорак у Летнім амфітэатры, правядзенне падчас фестывалю міжнароднага інвестыцыйнага форуму. Паведамляючы са сцэны амфітэатра пра перамогу “Нафтана”, кіраўнік вобласці быў відавочна задаволены. Навапалачане і сапраўды падарылі аматарам футбола цэлае свята – у Віцебску аж два гады не было вялікага футбола.
Прыемнай нечаканасцю было пачуць з вуснаў А.Косінца беларускую мову. Можа, гэта яго так удалы дэбют нашых землякоў натхніў?! Губернатар распачаў сваю прамову на цырымоніі закрыцця фестывалю на рускай мове, але затым перайшоў на беларускую. У прыватнасці, Віцебск ён назваў “сапраўднай паўночнай культурнай сталіцай”, а “Славянскі базар” – “культурным форумам сусветнага маштабу”.
Часцей бы нашы перамагалі, а чыноўнікі не саромеліся роднай мовы!..


Меткі: , , , ,

Падобнае

    Каментаваць