Pre-party Koktebel: музыка тут!

З 11-га па 16-е ліпеня ў Віцебску праходзіў не толькі той самы фестываль. Аказваецца, за гэтыя дні горад наведала вялізная колькасць прадстаўнікоў беларускай jazz і contemporary альтэрнатывы. Выступалі яны не на форуме, а на паддашку, але тым не менш пераможцы паедуць прэзентоўваць Беларусь на славутым Koktebel Jazz Festival.

(с) Фота: Сяргей Навіцкі

Танечка Заміроўская – малайчына. Таня – зорка айчыннай музычнай журналістыцы. Танечка – лакмус, які адлюструе любое калыханне на паверхні далёка не самага вірлівага мора сусветнага шоў-біз акіяну. Не абышла ўвагай спн. Заміроўская і нашую "слаўбазу". Яе артыкул штосці крытыкануў ("Да музыкі ён [фестываль] не мае дачынення"), а кагосці абвешаў кампліментамі ("...Парадавала хіба што прамова прэзідэнта – бадай, яна была самай жывой і шчырай ноткай ва ўсім, што адбывалася"). Пад канец аўтар згадала і пра нейкую "асобную сцэну для ўсялякага "нефармату" кшталту гурта Князь Мышкин" – божухна, няўжо Заміроўская мела на ўвазе pre-party KOKTEBEL JAZZ FESTIVAL?

Не, хутчэй ня мела, альбо мела ды ня тое. Князь Мышкин мусіў выступаць на індыйскай сцэне фестываля "Славянскі базар". А на адборачны фэст у сценах бітлз-клубу "Чердачок" госці з Менску перакінуліся ў апошні момант. Ну й ладна, пісалі і іншыя. Напрыклад, колішняя рок-князёўна, вакалістка гуртоў Indiga і Akana. Мяркуючы па артыкулу, змешчанаму на сайце "Еўрапейскага радыё для Беларусі", уражанні ў пані Русі засталіся самыя пазітыўныя. Цікава толькі, ці застануцца яны ў той жа плоскасці ў выпадку, калі Akana не патрапіць на славуты фестываль на крымскім узбярэжжы?

Згадкі пра шасцідзённае pre-party пастаянна выскоквалі на буйнейшых інфармацыйных рэсурсах краіны. Сапраўды, калі яшчэ ў Віцебску збіралася такая колькасць выканаўцаў інтэлектнай альтэрнатывы з дзікім змяшэннем стыляў, філасофій, інструментаў, тэмбраў і бог ведае яшчэ чаго? Серебряная свадьба, Cherryvata, Сяргей Ціханаў, Testamentum Terrae, Хуткі Смоўж, Hair Peace Salon, Open Space, Джамбібум, Фляус и Кляинн, Port Mone, Bez.Not, Князь Мышкин, Akana, ды-джэі Traffaret і Jrd33 – гэта творцы з Беларусі. Украінскі кантынент прадстаўлялі Mamanet і Dj Sivash. Нават галоўны каардынатар свята Алег Ціханаў папросту губляўся ў апісаннях кірункаў гуртоў, і таму пасля ню-джаз, этна-джаз, рамантык-рок насупраць чарговай каманды магло праштампавацца нешта кшталту "добры гурт".

Збор гэтакіх-разгэтакіх выканаўцаў пад адным дахам, прычым у шматдзённым фармаце, разумеўся як унікальны ў колах журналістаў, музыкаў, прамоўтараў, але толькі не ў асяроддзі віцебскіх гледачоў. Першая сустрэча 11 ліпеня прынесла подых поўнага правалу – нават на паддахавых прасторах танцпляц быў запоўнены прыблізна на чвэрць. Арганайзеры вымушана прыгадалі, што Кактэбель – гэта ня толькі фэстываль, але і самы славуты ва Украіне завод марачных вінаў і каньякоў. Сонца ў шклянках прасветліла розум і трохі збіла пыху, таму ў наступныя дні ўваходныя кошты былі зніжаныя больш чым ў два разы. Віцебская публіка адказала: "Даўно трэба было!" і на Фляўс і Кляйн перад сцэнай ужо ня можна было прапіхнуцца, а падлога мерна рыпела ў такт наўменальных фрыкаў.

Нажаль, адказ на галоўнае пытанне – дык хто ж туды паедзе? – наведвальнікі гэтак і не пачулі. Не адпісаліся арганізатары ў афіцыёзных тонах і на сваіх кактэбель-старонках, якіх за час падрыхтоўкі да pre-party было спечана процьма. Хутчэй, як заўсёды, да выхаду фінальнай афішы ад саміх крымчакоў мы гэтак і не даведаемся, каму пашэнціць гікнуць на чарнаморскім ўзбярэжжы. Затое у нашым краі камусь пашэнціла гікнуць пад ніколі не бывалых тут артыстаў. Заміроўская мела рацыю: на "Славянскім bizarre" музыкі не засталося. Прынамсі сёлета яна збегла на "Паддашак".


Меткі: , , , , , , , , , , , , , ,

Падобнае

    2 каментарыя

    1. Aleksei  
      23/Ліпень/2009 у 7:07

      ...Ребята под Jenowa прыгают) ..только в списке групп их не видно...((

    2. Хведар Скрайновіч  
      23/Ліпень/2009 у 22:12 1

      Мой касяк 🙂 выбачаюся. Але выправіць не магу, ня маю правоў.

      Дарэчы, арганізатары зьвярнулі ўвагу на наезд за неабвешчаных прызёраў джаз-забегу і афіцыйна запрасілі на цырымонію прэзэнтацыі ўдзельнікаў фінальнага Кактэбелю.
      Здаецца, 1 жніўня дазнаемся...

    Каментаваць