У “Ляльцы” адбылася прэм’ера філасофскай казкі

У Беларускім тэатры “Лялька” адбыўся прэм’ерны паказ спектакля “Хлопчык і цень”. Гэта філасофская казка для вялікіх і маленькіх па п’есе пецярбургскага драматурга Кіры Чаркаскай “Таямніца мігатлівых агеньчыкаў”.

Новая пастаноўка “Лялькі” пра тое, што ў кожнага чалавека павінна быць свая мара, свая зорка, якая дапамагае яму паспяхова ісці па жыцці, калі ён не адмаўляецца ад яе, не паддаючыся ніякім страхам.

“Мы звярнуліся да вельмі складанага матэрыялу – гэта сучасная п’еса пра тое, як у чалавека хочуць забраць ягоную мару, – расказвае пастаноўшчык спектакля заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віктар Клімчук. – Галоўны герой – звычайны Хлопчык, які марыць іграць на скрыпцы, але камусьці гэта не вельмі падабаецца... Хлопчык чуе мелодыю ў сваім сэрцы, але спачатку ніхто, нават Маці і Тата, не вераць, што ў яго атрымаецца сыграць яе на скрыпцы. Злая сіла адбірае яго мару. Але, як заўсёды, перамагае дабро. У фінале Хлопчык глядзіць у вочы сваёй мары, і яна застаецца з ім”.

Трэба звярнуць увагу, што спектакль прызначаны для гледачоў не маладзей за 8-10 год. Дзеянне насычана спецыяльнымі светавымі і гукавымі эфектамі. Галоўныя ролі ў спектаклі выканалі Яўген Гусеў, Алег Рыхтэр, Ларыса Мартынава, Вольга Маханькова, Наталля Гайдук і іншыя. Гледачы ўбачаць спектакль у новым тэатральным сезоне.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ