У “Кукавячына” – чэмпіянат СНД па верталётным спорце

Майстры пілатажу збяруцца ў гэтыя выходныя, 1-2 жніўня, на аэрадроме “Кукавячына” Віцебскага аэраклуба ДАСААФ імя Аляксандра Гараўца. Тут пройдзе адкрыты чэмпіянат СНД па верталётным спорце, у якім прымуць удзел 17 экіпажаў з Беларусі, Расіі і Германіі.
У складзе беларускай каманды выступяць віцебскі сямейны экіпаж – бацька і сын Анатоль і Сяргей Дятлавы, а таксама жаночы экіпаж Віцебскага аэраклуба – майстры спорту міжнароднага класа Ірына Гарэлышава і Тамара Стэльмах.
Урачыстае адкрыццё спаборніцтваў пройдзе ў 9.00 1 жніўня. У першы дзень лётчыкі выканаюць такія практыкаванні як “слалам і майстэрства”, “малая вышыня”, “развозка грузаў”. 2 жніўня спаборніцтвы пачнуцца ў 11.00. Пілоты будуць спаборнічаць у навігацыі.
Затым будуць названы пераможцы ў асабістым і камандным заліках. Па выніках выступлення беларускіх пілотаў плануецца вызначыць склад нацыянальнай зборнай для ўдзелу ў адкрытых чэмпіянатах Расіі і Украіны, якія пройдуць сёлета ў жніўні і верасні.


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць