Парэшткі людзей, знойдзеныя ў глыбоцкім храме, адпраўлены на экспертызу
Парэшткі невядомых людзей, знойдзеныя нядаўна ў сутарэннях кафедральнага сабора Раства Найсвяцейшай Багародзіцы ў Глыбокім, адпраўленыя на экспертызу ў Мінск.
Нагадаем, напрыканцы ліпеня валанцёры праваслаўнага моладзевага летніка Беларускай праваслаўнай царквы знайшлі ў падвале храма парэшткі 25 чалавек. У пахаванні знаходзіліся косткі і чарапы, якія маглі належаць дзецям і падлеткам. Сярод знойдзеных рэчаў быў пачак цыгарэт вытворчасці Варшаўскай тытунёвай фабрыкі.
Наконт таго, ці былі побач са страшнай знаходкай гільзы ці патроны, розныя крыніцы гавораць супрацьлеглае: адны сцвярджаюць, што так, іншыя абвяргаюць гэты факт. Хтосьці вылучае версію, што тут ляжаць палякі – ахвяры НКУС, а хтосьці, што гэтых людзей расстралялі немцы...
Праліць святло на глыбоцкую таямніцу – паходжанне парэшткаў і час пахавання – павінны Віцебская абласная пракуратура сумесна з Генеральнай пракуратурай Беларусі, якія зараз займаюцца гэтай справай.