У Смаленску гучаў беларускі гімн “Магутны Божа”

У Смаленску з 7 па 10 жніўня прайшоў праваслаўны фестываль “Адзігітрыя”. Сярод шматлікіх ягоных гасцей былі ўдзельнікі традыцыйнага хрэснага хода з Віцебска ў Смаленск, які ўжо шосты год запар духоўна знітоўвае вернікаў дзвюх суседніх краін. Фінальным акордам фестывалю стаў гала-канцэрт на Саборнай плошчы.
Тут, у гістарычнай частцы Смаленска, пад сценамі велічнага Успенскага кафедральнага сабора, бадай, упершыню ў гісторыі прагучаў беларускі духоўны гімн “Магутны Божа”. Яго выканала творчая група моладзевага праваслаўнага брацтва ў гонар святога праведнага Іаана Кранштадскага з Віцебска. Выступленне беларусаў стала адным з самых кранальных і яскравах момантаў канцэрта.
Сёлета ў хрэсным ходзе, прымеркаваным да свята Смаленскай Божай Маці “Адзігітрыя”, удзельнічала каля 90 чалавек з розных гарадоў Беларусі, Расіі і Украіны. Прыемна, што спеў гімна “Магутны Божа” вельмі цёпла віталі і гледачы, якія збіраліся на канцэртах ва ўсіх мястэчках, праз якія ішоў шлях хрэстаходаўцаў, – гэта наша Лёзна і расійскія Рудня, Галынкі, Гнёздава.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ