“Беларускі вальс” з Пушкіным

Напярэдадні ў віцебскім “Еўрапейскім клубе” адбылася творчая сустрэча з лаўрэатам прэміі “За свабоду думкі”, вядомым беларускім мастаком Алесем Пушкіным. Госць прэзентаваў дакументальны фільм “Беларускім вальс”, які распавядае пра жыццё мастака ў вёсцы Бобр Крупскага раёна Мінскай вобласці, куды ў 90-х гадах Алесь пераехаў з Віцебска пасля таго як улады зачынілі тут ягоную прыватную мастацкую галерэю. Фільм адкрыў асобу Пушкіна з нечаканых бакоў, выклікаў шмат пытанняў і стаў поўнай неспадзяванкай нават для тых віцяблянаў, якія былі добра знаёмы з мастаком падчас ягонага жыхарства ў нашым горадзе.
Алесь Пушкін у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Напачатку варта адзначыць, што фільм “Беларускі вальс” польскага рэжысёра Андрэя Фідзіка намінаваны на прэмію “Эмі”. Гэта прэстыжная ўзнагарода ў галіне кінамастацтва з’яўляецца свайго роду тэлевізійным аналагам кінапрэміі “Оскар”. Сёлета цырымонія ўручэння прэміі пройдзе 21 верасня ў Нью-Йорку.

Стужка неадназначная. Хтосьці лічыць, што яна ў дрэнным святле паказвае беларускую апазіцыю. А большасць, асабліва жанчыны, мяркуюць, што Пушкін залішне і не заўсёды прыстойна выстаўляе сваё асабістае, нават інтымнае жыццё.

Алесь Пушкін у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Асабіста на мой погляд, фільм цікавы, хоць і відавочна, што польскі рэжысёр імкнуўся падаць як мага болей “смажаных” фактаў з беларускай рэчаіснасці. Пры гэтым тут шмат кадраў, дзе беларускі патрыёт, вядомы сваімі перформансамі на грамадска-палітычную тэматыку (вывальванне тачкі з гноем перад адміністрацыяй прэзідэнта, вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на віцебскай ратушы, “упрыгожванне” вянкамі з калючага дроту бюстаў Леніна і Маркса і інш.), паказаны як звычайны чалавек. Ён вядзе ў Бабры ціхае і мірнае жыццё: гадуе дзетак, мяняе на даху бел-чырвона-белы сцяг, што выгарэў на сонцы, дзеліць за абедам вялізнага шчупака, якога так апетытна засмажыла жонка Яніна, наведвае магілу маці, размаўляе з бацькам, дорыць кветкі сваёй былой каханай жанчыне, сварыцца з ёй... У стужцы шмат момантаў, калі герой агаляе душу, робіць інтымныя прызнанні. Накшталт: “Я быў першым мужчынам у маёй жоначкі. Ёй тады было 24 гады. І гэта вельмі рэдкая з’ява ў наш час”. А ў фінале паказана Купалле, на святкаванні якога Пушкін ходзіць у касцюме Адама і малюе аголеную дзяўчыну.

Нядзіўна, што аднавяскоўцы і нават некаторыя сваякі не разумеюцьтакога дзівака. Нават бацька лічыць, што ў сына зашмат “фантазіі”. Дарэчы, землякі доўгі час упікалі Алеся за тое, што ягоны бацька служыў у паліцыі. Па сённяшні дзень некаторыя з іх лічаць, што Пушкін жыве на грошы НАТА ці ЦРУ. Складаныя адносіны і з мясцовым святаром. Пасля таго як з тутэйшай царквы аднойчы выйшаў супрацоўнік органаў дзяржбяспекі, Алесь страціў веру ў бацюшку: “Усе мае слабасці, усе мае грахі, што я распавядаю на споведзі, ведае КДБ”.

Алесь Пушкін у Віцебску. Фота Сержука Серабро

І тым не менш, у Бабры Пушкін адчувае сябе шчаслівым: “Тут я малюся, малюю карцінкі. Хто ведае, каб я застаўся ў Віцебску, можа, быў бы вядомым мастаком, але не меў бы шчасця. Шчасця яднання з прыродай, жоначкі, якая размаўляе па-беларуску, дзетак, першыя словы якіх былі таксама на беларускай мове”.

На думку мастака, “у гэтым фільме няма ніякага мастацтва, ён паказвае чалавека такім, які ён ёсць”. “Беларус, які зрабіў свядомы выбар, прэпарыруецца тут пад мікраскопам, паказваюцца як добрыя, так і дрэнныя ягоныя бакі, але ўсё гэта праўда. Можа, раней я быў для кагосьці змагар з німбам, а зараз фільм развянчаў гэты вобраз. Аднак у жыцці ўсё бывае, і фільм паказвае ўсю складанасць нашага жыцця”, – лічыць Пушкін.

Яшчэ адной нечаканасцю ад Пушкіна стаў ягоны камплімент “Славянскаму базару ў Віцебску”, які ён выказаў падчас гутаркі з віцяблянамі. “Мне так спадабалася ў гэтым годзе! Цяпер культура ў горадзе стала лепей, не тое, што 10-15 гадоў таму, калі паўсюль смажыліся шашлыкі і хадзілі п’яныя”. Мастак таксама выказаў павагу да архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя: “Пакажыце мне яшчэ адны такія арганізатарскія здольнасці, каб за такі кароткі час аднавіць столькі храмаў, як гэта зрабіў архіепіскап Дзімітрый”.

Алесь Пушкін у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Сустрэча пакінула вельмі яркія і цёплыя ўражанні. Пасля прагляду фільма было заўважна, што госць хвалюецца: як адрэагуюць людзі? Аднак падчас гутаркі Алесь здолеў выклікаць прыхільнасць нават тых гледачоў, якія спачатку задавалі яму непрыемныя пытанні. А адна жанчына нават напісала вершаваны экспромп, прысвечаны беларускаму Пушкіну...


Меткі: , ,

Падобнае

    2 каментарыя

    1. Zmicka  
      14/жнівень/2009 у 12:23

      у фільме няма Пушкіна-мастака, перфомансы ня ўлічваю. А калі ён кажа жанчыне, якой зрабіў дачку: "каб ты была беларуска, было б па-іншаму" - становіцца млосна... блін, як па мне, дык ён ўвогуле дыскрэдытуе нацыянальную ідэю ў стужцы. спрашчае складанае. зьніжае высокае. і сапраўды выступае нейкім блазнам...

    2. назiральнiк  
      15/жнівень/2009 у 22:57 1

      А яшчэ сцёбна быдо пачуць: "Гэта ўсё грамадства вінаватае, я такі, якое грамадства". Гэта яно яму дзяцей па-за шлюбам нарабіла...

    Каментаваць