Хакеісты Віцебшчыны пачалі турнір перамогамі

Учора ўвечары ў віцебскім Лядовым палацы прайшлі першыя матчы хакейнага турніра на Кубак старшыні аблвыканкама. У абедзвюх сустрэчах перамаглі каманды Віцебшчыны. ”Хімік-СКА” адолеў мінскі ”Керамін” (2:1), а віцебскі клуб – бабруйскі “Шыннік” (4:3).
Сёлета адкрыццё гэтага традыцыйнага турніра прайшло, як ніколі, відовішчна. Аматарам былі прадстаўлены каманды-удзельніцы, якім урачыста ўручылі караваі. Перад гледачамі выступіў ансамбль “Ветразь” віцебскай гімназіі №3. Са зваротам ад імя Аляксандра Косінца да ўдзельнікаў і заўзятараў звярнуўся кіраўнік абласнога ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Міхаіл Партной. Як патлумачыў Міхаіл Пятровіч, сам старшыня Віцебскага аблвыканкама не змог асабіста адкрыць турнір, бо ў гэты час знаходзіўся побач з прэзідэнтам, які здзяйсняў працоўны візіт па Віцебскай вобласці. Затым прагучаў дзяржаўны гімн у выкананні вайсковага аркестра. Завяршылася ўрачыстае адкрыццё прыгожым феерверкам.
Не абыйшлося ў той вечар і без непрыемных момантаў. У першым перыядзе паміж віцебскім “мядзведзем” і бабруйскім хакеістам адбылася жорсткая бойка, якую некалькі хвілінаў не маглі спыніць суддзі матча.
У перапынках паміж перыядамі танцавальнае майстэрства на каньках прадэманстравалі фігурысты ДЮСШ ХК ”Віцебск” Вераніка Кудраўцава і Ілья Сухаў.
Сёння лядовыя баталіі працягнуцца: у 15.00 наваполацкі “Хімік-СКА” сустрэнецца з “Шыннікам”, хакейны клуб “Віцебск” будзе процістаяць “Кераміну” (пачатак матча ў 18.30). Уваход на ўсе матчы турніра, нагадваем, вольны.


Меткі: , , , ,

Падобнае

    Каментаваць