ХК “Віцебск” правёў першую сустрэчу чэмпіяната

Учора ўвечары на сваёй пляцоўцы хакейны клуб “Віцебск” правёў першую сустрэчу 18-га чэмпіяната Беларусі па хакею з наваполацкім “Хімікам-СКА”. Гаспадары пляцоўкі атрымалі перамогу з адрывам у адну шайбу (2:1).

Святочная атмасфера пачатка рэспубліканскага спаборніцтва ў Віцебску адчувалася ўжо на падыходзе да Палацу спорта, на ганку якога іграў вайсковы духавы аркестр. На адкрыцці чэмпіяната быў урачыста ўзнагароджаны лепшы бамбардзір турніра на прызы губернатара Віцебшчыны, які праходэіў у жніўні, нападаючы навапалачан Мікіта Камароў.

Лік у матчы на 17-ай хвіліне першага перыяда пасля перадачы Сяргея Голубева адкрыў нападаючы віцябчан Руслан Белы. Прадэманстраваў у першым перыядзе майстэрства дальніх кідкоў абаронца віцебскай дружыны Антон Пульвер, але не менш бліскуча парырываў іх брамнік гасцей Віталь Трус. Добрую магчымасць павялічыць лік у сярэдзіне другога перыяда меў гулец віцебскіх “мядзведзяў” Аляксей Вінакураў, які няўдала выканаў штрафны кідок.

Затое, праз тры хвіліны, гуляючы ў большасці, госці не ўпусцілі сваёй магчымасці адыграць прапушчаную шайбу. Запаліў чырвонае святло за брамай гаспадароў нападаючы навапалачан Алег Крыкуненка.

Зноў наперад каманду гаспадароў у пачатку трэцяга перыяда вывеў Алег Цурыкаў. За 30 секунд да фінальнай сірэны выдатную магчымасць зраўняць лік меў нападаючы гасцей Раман Гарбаконь, якога аднаго каля сваёй брамы пакінулі віцябчане. Выратаваў становішча галкіпер бела-сініх Максім Малюцін.

Меткі:

Чытайце яшчэ