У Полацкім раёне будуць есці клёцкі на хуткасць

У канцы жніўня ў Полацкім раёне адбыўся першы ў краіне грыбны чэмпіянат. Праз два тыдні тут прыдумалі новую забаўку – раённы конкурс едакоў клёцак “Абжора-2009”. Адбудзецца ён у нядзелю, 13 верасня, у вёсцы Гараны.
Як паведамілі “Народным навінам Віцебска” у аддзеле ідэалагічнай працы Полацкага райвыканкама, нацыяльную страву будуць есці каманды па тры чалавекі. Спаборніцтвы пройдуць у трох намінацыях: “Жалезны страўнік” (хто больш з’есць клёцак за пэўны час), “Спрытныя сківіцы” (хто больш з’есць мініяцюрных клёцак з дапамогай зубачысткі), “Хто паспеў, той і з’еў” (хто з’есць самую вялікую порцыю клёцак). Канкурсанты будуць спажываць клёцкі, прыгатаваныя на прыватным прадпрыемстве “БелКа-Центр”. А прызамі для пераможцаў стануць прадуктовыя наборы ад полацкіх камбіната хлебапрадуктаў і малочнага камбіната.
Па стане на канец пятніцы на ўдзел у акцыі падалі заяўкі 18 сельсаветаў і прадпрыемстваў Полацкага раёна. Дэвіз конкурса – “Хто як працуе, так і есць”. Гэта, канешне, спрэчна. Можна добра папрацаваць і зусім трошкі з’есці, а можна дзень праваляцца на канапе і з’есці за траіх...


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць