ЭКА-РОК. Полацк. 13.09.2009

Другі раз за час сваёй дзейнасці “Live in Rock” прэзентуе канцэрт “ЭКА-РОК”. Акурат 13 верасня 2008 прайшло першае мерапрыемства з гэткай экалагічнай назвай. І як год таму, сёлета на сцэне малой залі полацкага палаца культуры выступалі сябры з Наваполацку і Віцебску.

Наваполацкі гурт “TimmyTinz” – дзявочае трыа, якіх аб’явілі як ска-панк каманду, адразу адмахнуліся ад такога акрэслення і ўдакладнілі – яны граюць панк-рок. Добрыя такія дзяўчынкі, мілавідныя, са шчырымі вачамі. Нібыта ўвасабляюць вобраз teenage-punk-girls. Але ж, па шчырасці, эма-панк, не больш таго. Слухаеш – і ў думках адно толькі: пажаданні мэтанакіраванасці (як залог даўгавечнасці праекту, хаця б адноснай), практыкі (як залог паступова надыходзячага вопыту) і працы над майстэрствам ігры і спеву.

Атмасфера пустэчы і незацікаўленасці залі больш адпавядала святу “Дзень танкіста”, які таксама святкуецца 13 верасня – кожны ў сваім танку, ў касцы і яму не вельмі цікава, што адбываецца вакол. Але згодна з адной старажытнай мудрасцю – канцэрт ідзе – атмасфера мяняецца (ну, гэта такая мая вольная яе інтэрпрэтацыя).

Гурт, які ўжо адной сваёй назвай гарманічна ўпісваецца ў эка-канцэрт – “Тени Растений”. “Горача тут у вас, у Полацку!” – неаднаразова падкрэслілі музыкі. Канешне! У свеце ж глабальнае пацяпленне! І яно хутка прагрэсуе, асабліва ў залях без вентыляцыі (ці амаль без яе). Да гурта: барабаншчык – чалавек “сам сабе свята” (сабе і іншым) – жартаўліва ўсміхаецца, Алесь-саліст выдае смачныя тэксты і чароўныя гітарныя сола, а басіст у бачку ад сцэны дадае пэўныя ценявыя афарбоўкі ў вось такія “цені музычных раслін” з Віцебску. Гарманічныя, спакойныя, вопытныя. Прыемна слухаць, прыемна глядзець.

“South Band” – самая вялікая ска-каманда ў Беларусі (9 чалавек) – як толькі размясціліся на сцэне і каля яе, адразу ж: “Танцуйце ўсе! Хутка лета! Паехалі!” І чароўным чынам усе сапраўды заскакалі ў шчаслівых ска-танцах адной вялікай масай. Адразу прыгадаўся анекдоцец пра дзяўчынку, якой падабалася адчуваць сябе пастухом. А людзям у большасці сваёй патрэбны пастухі. Юра, у вас добра атрымліваецца. “Элвіс” – дзякуючы гэтай песні мы выйшлі ў людзі!” Прабачце, адкуль выйшлі? Дакладна выйшлі? Добра, выйшлі-выйшлі, маўчу. З плюсаў у бок гурта: практыка і энтузіязм – адна з формулаў поспеху. Прыемна назіраць ператварэнне каманды з балагану юнацкага максімалізму ў Свята. Пазітыўна настроенае, гучнае такое свята. Пад канец выступу хлопчыкі адыгралі ляпісаўскі “Капитал” – ні яны першыя (прыгадаем “Экстраz” на той жа самай сцэне каля году таму), і ні яны апошнія. Але магія Ляпісаў ці іх перапевак робяць дзіўныя рэчы з людзьмі – навакол усеагульнае шчасце, захапленне, happy-eko-ska-punk-rock-свята вакол. Ура.

Гурт “МЫ” працягнулі вечар экалагічнага року. Атмасфера пад іх выступ склалася больш камерная, бо ўсе прыходзілі ў сябе пасля віцебскага ska. Але гэта нават спрыяла стварэнню неабходнага настрою для найлепшага ўспрымання каманды. Музыка – душэўная, глыбокая, запаўняючая думкі, напаўняючая сэрцы. Ім верыш і распушчаешся ў кожным радку песні, кожным акордзе. І шкада толькі аднаго – абмежаванасці выступу па часе. Вельмі шкада. З здавальненнем бы наведала сольны “МЫ”-канцэрт.

Закрываў канцэрт “Белы Дом”. “Жизнь прекрасна”! Падтрымаем эка-рок “Півам”! і якая ўжо розніца, што там з гэтай экалогіяй (умоўна прымаем апошняе за жарт). Праз панк-рок акуляры “Белага Дома” і глабальныя праблемы не выглядаюць такімі ўжо глабальнымі. Магчыма, яно так і правільна.

Калі Вы дачыталі да канца – мае Вам пажаданні: жывіце ў пазітыве, хадзіце на канцэрты, слухайце добрую музыку. Мір Вам (і экалагічны – ў тым ліку).

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ