Віцебскі і сталічны тэатры абменьваюцца гастролямі

У Віцебску з 16 па 25 верасня праходзяць гастролі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя М.Горкага.
Артысты гэтага славутага калектыва, вядомага яшчэ як Рускі тэатр, прадставяць віцебскім гледачам некалькі камедый. Першым у гастрольнай афішы значыцца спектакль “Жаніхі” па п’есе М.Гогаля “Жаніцьба” (пастаноўка Валянціны Ераньковай). На коласаўскай сцэне будуць таксама адбывацца жарсці паводле вядомых твораў замежнай класікі – “Ідэальны муж” Оскара Уайльда, “Свабодны шлюб” Дарыё Фо і Франкі Рамэ, “Распуснік” Эрыка-Эмануэля Шміта і “Утаймаванне наравістай“ Вільяма Шэкспіра. Юныя гледачы ўбачаць казку “Царэўна-жаба”.
У гэты ж час, з 17 па 26 верасня, свае лепшыя пастаноўкі ў Мінску паказваюць коласаўцы. Сталічныя гледачы ўбачаць восем прац віцебскага драмтэатра: “Васа” па аднайменнай п’есе М.Горкага, спектакль-споведзь “Крыж Еўфрасінні”, камедыі “За двума зайцамі” і “Псіхааналітык для псіхааналітыка”, музычную камедыю “Ветрагоны”, спектаклі “Апошнія сведкі” і “Прывітанне, Альберт!” Для маленькіх гледачоў коласаўцы таксама падрыхтавалі падарунак – казку “Нельга нам без сябра”.


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць