Транспамежны шанец

Новыя магчымасці і паляпшэнне папярэдніх праектаў міжнароднага супрацоўніцтва прынесла ў Беларусь праграма “Усходняе партнёрства”. Яскравым прыкладам стала вылучэнне больш чым 40 мільёнаў еўра на транспамежную праграму “Латвія-Літва-Беларусь”, якая фінансуецца Еўрасаюзам.

У новай праграме з беларускага боку могуць прымаць удзел НДА, бізнес і структуры мясцовага самакіравання Гродзенскай і Мінскай, а таксама Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Цікава, што ў адрозненні ад параўнаўча прасунутых у еўрапейскай тэматыцы Гродзенскай вобласці, якая заангажаваная ў цэлы Еўрарэгіён “Буг” і цэнтральнай Мінскай вобласці, у новай праграме акцэнт зроблены на Віцебшчыну, што дастаткова позна далучылася да еўрапейскіх праектаў. Навінкай з’яўляецца ўдзел Магілёўшчыны, якая, як дарэчы і беларуская Гомельская вобласць, не мае агульнай мяжы з краінамі Еўрапейскага Саюзу.

Трохбаковыя праекты традыцыйна ахопліваюць сферу бізнесу і прадпрымальніцтва — разнастайныя эканамічныя форумы, сустрэчы беларускіх, літоўскіх і латышскіх бізнесоўцаў і г.д., а таксама развіццё транспартных і камунікацыйных паслуг. Дапамогуць прадпрымальнікам трох краін адмысловыя міждзяржаўныя праекты па спрашчэнні памежных і мытных працэдур, якія паспяхова дзейнічаюць на прыкладзе насельніцтва, што жыве каля мяжы з ЕС.

Кірунак па захаванні гістарычнай спадчыны і развіццю турызму мусіць зацікавіць органы мясцовага кіравання, асабліва былых удзельнікаў праекта «Адкрый “Азёрны край”» — верхнядзвінскі, мёрскі, пастаўскі, глыбоцкі і браслаўскі раёны Віцебшчыны. Гэта неблагі шанец атрымаць рэсурсы на працяг праекту, замацаваць супрацу з еўрарэгіёнам “Азёрны край” і горадам Утэнай з Літвы, а таксама ўпісаць еўрапейскую праграму ў беларускі “Год роднай зямлі”.

Для НДА могуць быць карыснымі праекты ў сферы пабудовы сацыяльных і культурных сетак і супольнасцяў аднадумцаў з Літвы, Латвіі і Беларусі. Парадаксальна, але беларусы, як літоўцы і латышы, як народы знітаваныя агульнай гісторыяй і падобнымі культурамі, амаль не маюць супольных песенных фэстаў, ці традыцыі святкавання старадаўніх свят, кшталту Купалля, вывучэння агульнага дахрысціянскага мінулага. Прыемна, што ўзгаданы вышэй праект «Адкрый “Азёрны край”» зрабіў крок у адкрыцці агульнай кулінарнай спадчыны, такой як крупнікі, клёцкі-калдуны, бульбяныя стравы.

Натуральна новая праграма звяртае ўвагу на абарону навакольнага асяроддзя. Атрымаюць другое дыханне супольныя экалагічныя праекты па захаванні Браслаўскай азёрнай сістэмы ці вывучэнні Бярэзінскага біясфернага запаведніка, дзе дарэчы нядаўна знойдзены польскімі і беларускімі навукоўцамі Ophrys insectifera – новы від расліннасці ў Беларусі. Таксама верагодны пачатак даследавання самага вялікага еўрапейскага возера-балота Ельна.

Неўзабаве, ужо гэтай восенню праграма “Латвія-Літва-Беларусь” плануе распачаць прыём першых конкурсных заявак на фінансаванне разнастайных трохбаковых праектаў.

Праграма “Латвія-Літва-Беларусь” стане трэцяй вялікай праграмай Еўрапейскага Саюза для Беларусі нароўні з праграмамі добрасуседства ЕІДП-“Регіён Балтыйскага мора”, дзе брала ўдзел і Віцебшчына, а таксама “Польшча-Беларусь-Украіна”. Агульны бюджэт усіх трох праграм, што выдзелены еўрапейскай камісіяй, склаў больш за 250 мільёнаў еўра.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць